Улада працягвае парушаць правы чалавека на мірныя сходы



Беларуская ўлада працягвае выцясняць сваіх грамадзян з вуліц і плошчаў на кухні. Гэтаму паспрыяў не толькі абноўлены закон “Аб масавых мерапрыемствах”, але і пастанова Савета міністраў ад 24 студзеня №49. Неабаснавана вялікая аплата за паслугі, асабліва за паслугі міліцыі, – гэта парушэнне правоў чалавека на мірныя сходы, кажа праваабаронца Раман Кісляк:

Масавыя мерапрыемствы пасля прыняцця гэтай пастановы Савета міністраў магчымыя, але яны накладаюць такія несуразмерныя для грамадзян абмежаванні па правядзенні масавыях мерапрыемстваў, а менавіта па аплаце працы МУС, што я не думаю, што будзе шмат жадаючых правесці іх законна. Па стандартах правоў чалавека, права на свабоднае выказванне меркавання і свабоды мірных сходаў, браць грошы за абслугоўванне мірных сходаў абсалютна недапушчальна: гэтыя грошы грамадзяне выплачваюць у выглядзе падаткаў.

Паводле Рамана Кісляка, грамадзяне аплачваюць паслугі, да прыкладу, міліцыі са сваіх падаткаў. І патрабаваць аплачваць паслугі міліцыі ў час мерапрыемстваў – гэта здзіраць з удзельнікаў мерапрыемства падвойную аплату. Такім чынам, на дзяржаўным узроўні чыноўнікі закрываюць дарогу грамадзянам да публічных пратэстаў.

Беларускае Радыё Рацыя