Улады ЗША запатрабавалі закрыць Генконсульства Беларусі ў Нью-Ёрку



Яно спыніць сваю працу 21 кастрычніка, паведамляе newyork.mfa.gov.by.

Грамадзяне Беларусі, якія жывуць у ЗША і Канадзе, пасля закрыцця генконсульства змогуць звяртацца па ўсіх пытаннях у пасольства Беларусі ў Вашынгтоне.

У траўні 2021-га стала вядома, што з 1 верасня закрываецца пасольства Беларусі ў Канадзе. Беларусам, якія жылі ў гэтай краіне, рэкамендавалася звяртацца якраз ў генконсульства Беларусі ў Нью-Ёрку.

Пра неабходнасць „аптымізацыі” беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтв у замежжы ў красавіку сёлета заявіў Аляксандр Лукашэнка. А міністр замежных спраў Уладзімір Макей сказаў, што пасольствы закрыюць у тых краінах, дзе яны не даюць „неабходнай знешнеэканамічнай аддачы”. Да таго ж дадаліся амерыканскія санкцыі, якія з абурэннем сустрэлі ў Мінску.