Уладзь Лабковіч: Гэта дакладна не перасцярогі перад магчымым другім турам



Прэзідэнцкія выбары пройдуць 9 жніўня — гэтую дату прызначыла сёння Палата прадстаўнікоў.

Па законе апошняя дата, на якую маглі б былі зараз прызначаны выбары — гэта 30 жніўня. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына патлумачыла: „Перанясенне выбараў на апошнюю нядзелю, 30 жніўня, можа пацягнуць папрокі ў тым, што ўлада з самага пачатку плануе завяршыць выбары ў першым туры і нават не прадугледжвае магчымасці галасавання праз два тыдні”.

Але каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзь Лабковіч не лічыць, што гэта перасцярога звязана з юрыдычнымі і прававымі пытаннямі да правядзення другога тура, калі ён раптам адбудзецца.

– Таму раней, у час мінулых выбарчых кампаніяў, Лідзію Міхайлаўну гэта не спыняла. Напрыклад, мінулыя прэзідэнцкія выбары таксама адбываліся без уліку другога тура. І дата прызначалася без уліку другога тура. Тады гэта тлумачылася, ну калі будзе другі тур, то галоўае, што мы выбары пачалі і першы тур правялі ў тэрмін, а другі тур зможам правесці, згодна з Кодэксам, праз два тыдні, як гэта і прадугледжана, не звяртаючы ўжо на гэтую акалічнасць. Таму, чаму выбары прызначаны на 9 жніўня, а не на 30-е, я не ведаю, але гэта дакладна не перасцярогі перад магчымым другім турам.

Таксама ўжо вядома, што збор подпісаў у падтрымку кандыдатаў у прэзідэнты распачнецца 21 траўня.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя