Уладзімір Някляеў заклікаў усіх кандыдатаў зняцца з выбараў



Літаратар і палітык Уладзімір Някляеў выступіў са зваротам да дэмакратычных кандыдатаў у прэзідэнты.

Тэкст звароту ён даслаў у рэдакцыю „Еўрарадыё”. Цытуем яго фрагментарна:

– Кожны з вас возьме ад свайго вялікага шанцу прыблізна 3%. Не больш, бо лічбы рэйтынгаў прэтэндэнтаў на месца прэзідэнта, якія беларускае тэлебачанне падало беларускаму народу і якія я скарыстаў, падаваліся і на папярэдніх выбарах – і кожны раз яны супадалі з выніковымі лічбамі «галасавання». Пры вашым рашэнні «ісці да канца» тое самае будзе і гэтым разам. Сённяшняя сістэма «выбараў» не дазваляе паставіць заслону фальсіфікацыям ніякімі сродкамі. Нідзе і ніколі дыктатарскія рэжымы не перамагаліся галасаваннем – толькі барацьбой. Няцяжка ўявіць, што круціцца зараз у вашых галовах. «А раптам?». Асноўныя канкурэнты Лукашэнкі адкінутыя, дык раптам, галасуючы хоць за каго, абы не за Лукашэнку, прагаласуюць за мяне? Ёсць жа шанец…

Няма! Дый выглядае ўсё гэта (за выключэннем выпадку са Святланай Ціханоўскай) штрэйкбрэхерствам. Калі не, тады найлепшае, што вы можаце зрабіць, каб наблізіць канец рэжыму, – зняцца з «выбараў». Пакінуць на іх аднаго Лукашэнку. У такім разе ўсе адсоткі, якія намалюе яму Ярмошына, будуць супраць яго. І яны будуць вашымі. З імі вы застаняцеся ў палітыцы, у найноўшай беларускай гісторыі, апраўдаўшы не толькі свой удзел у выбарах, але і спраўдзіўшы сябе ў жыцці.

Беларускае Радыё Рацыя