Уладзімір Чушаў зняты з пасады амбасадара Беларусі ў Польшчы



Аляксандр Лукашэнка зняў з пасады амбасадара Беларусі ў Польшчы Уладзіміра Чушава. Адпаведны ўказ апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У якасці абгрунтавання ўказаны пункт 20 арт.84 Канстытуцыі Беларусі — гэты артыкул дае права Аляксандру Лукашэнку прызначаць і адклікаць дыпламатычных прадстаўнікоў Беларусі ў замежных дзяржавах і пры міжнародных арганізацыях. Уладзімір Чушаў займаў пасаду амбасадара Беларусі ў Польшчы з сакавіка 2019 году.

У кастрычніку 2020 Польшча і Беларусь узаемна адклікалі амбасадараў: амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, як і амбасадар Беларусі ў Польшчы Уладзімер Чушаў, вярнуліся ў свае краіны «для кансультацый». Гэта адбылося на фоне абвастрэння адносін паміж краінамі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 году. Тады беларускае МЗС запатрабавала ад дыпламатычных прадстаўніцтваў Польшчы і Літвы істотна скараціць колькасць супрацоўнікаў у краіне. Беларусь у Польшчы з тых часоў прадстаўляў павераны ў справах амбасады Беларусі ў Варшаве.