Уладзімір Ганчарык: Словы і справы – зусім розныя рэчы



Экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Ганчарык выказаў свой прагноз наконт таго, якія змены могуць адбыцца ў беларускай Канстытуцыі.

Уладзімір Ганчарык: Яшчэ невядома, ці будуць яны наогул змяняць Канстытуцыю, бо ў нашай краіне пра свае абяцанні чыноўнікі вельмі хутка забываюць. Як невядома і тое, ці пройдзе рэферэндум.

Але мяне турбуе іншае пытанне: як можна наогул праводзіць нейкія рэферэндумы пры сённяшняй выбарчай сістэме? Калі будзе такі ж самы падлік галасоў, як на апошніх выбарах, то каму гэта патрэбна?

Калі ж будзе рэферэндум, то трэба вызначыцца, якія пытанні будуць разглядацца на рэферэндуме. Можна цалкам унесці папраўкі ў Канстытуцыю, і, такім чынам, „прапіхнуць” тое, што захочуць. Альбо будзе галасаванне па асобных пытаннях.

Мне падаецца, калі праводзіць рэферэндум па зменах у Канстытуцыі, то там павінна быць абазначана некалькі пазіцый. Першая – абмежаванне паўнамоцтваў прэзідэнта і пераразмеркаванне паўнамоцтваў. Другое – развіццё мясцовага самакіравання і палітычных партый.

РР: Лукашэнка апошнім часам заяўляў, што больш не будзе пераабірацца прэзідэнтам…

Уладзімір Ганчарык: І неаднойчы казаў, што не будзе трымацца за ўладу пасінелымі пальцамі. Такія заявы гучаць ужо не адзін год, але нічога не змяняецца.

РР: Якім чынам можа адбыцца пераразмеркаванне ўлады? І ці будзе гэта?

Уладзімір Ганчарык: Уcё гэта можа быць прапісана ў змененай Канстытуцыі, але галоўнае не тое, што напішуць, а тое, як гэта будзе працаваць на справе. Мы ж сёння бачым, што рэжым не выконвае і многія пункты цяперашняй Канстытуцыі, бо, як сказаў адзін дзеяч, “часам не да законаў”. Таму словы і справы – зусім розныя рэчы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя