Уладзімір Кацора: восенню адбудзецца рэферэндум



Гомельскі палітык Уладзімір Кацора заклікае грамадскасць рыхтавацца да рэферэндума, які можа абвясціць улада ў любы момант. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі звяртае ўвагу на галоўную прыкмету, якая сведчыць пра набліжэнне важнай выбарчай кампаніі.

“Амаль паўтары гады, не маючы на тое ніякіх падставаў (эканоміка стагніруе), але прыбыткі насельніцтва ўсё роўна растуць. Згодна афіцыйнай статыстыцы, за 2018-ы год прыбыткі выраслі на 7-8%. Калі б планаваліся парламенцкія выбары, то нелагічна штучна падпампоўваць заробкі, улічваючы, што ўладам у 2020 годзе трэба знайсці рэсурсы на правядзенне больш важных прэзідэнцкіх выбараў. Таму я дапускаю думку, што менавіта гэтай восенню нас чакае рэферэндум”, — абгрунтоўвае сваю пазіцыю Уладзімір Кацора.

Палітык лічыць, што, незалежна ад характару вынесеных на галасаванне пытанняў, чакаць чагосьці пазітыўнага для грамадства ад выбараў не выпадае.

Уладзімір Кацора:

– Пытанні да рэферэндума могуць быць рознымі. Напрыклад, па працягненні ўлады Лукашэнкі шляхам змены тэрміна прэзідэнцтва з 5 да 7 гадоў. Альбо пераход на іншую працэдуру ягонага пераабрання, скажам, парламентам. Тады на перамовы з Пуціным, запланаваныя на канец 2019 года, ён паедзе ў новым статусе.

Уладзімір Кацора збіраецца ўдзельнічаць у будучых парламенцкіх выбарах, каб агітаваць выбарцаў супраць пытанняў імавернага рэферэндума. Калі прадстаўнікоў апазіцыі не дапусцяць у склад выбарчых камісій, ён здыме сваю кандыдатуру напярэдадні галасавання.

Кіраўнік дзяржавы, прызначаючы шэраг рэгіянальных кіраўнікоў на нарадзе па кадравых пытаннях 29 ліпеня, запатрабаваў ад чыноўнікаў рыхтавацца да правядзення прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя