Уладзімір Кацора заяўляе пра шэраг правакацый у дачыненні да яго



Гомельскі дэмакратычны кандыдат Уладзімір Кацора заяўляе пра тое, што ў дачыненні да яго былі прадпрынятыя шэраг правакацый. З апошняга – публікацыя на сайце дзяржаўнай газеты “Гомельскія ведамасці” інфармацыі пра ягоныя прыбыткі за 2018 год, згодна якім ён нібыта з’яўляецца адным з самых заможных прэтэндэнтаў на дэпутацтва па сваёй акрузе. Уладзімір Кацора заўважае, што маніпуляцыі з лічбамі адбыліся ў выніку дадавання аднаго нуля да сумы гадавога прыбытку.

– Па-першае, каб мяне скампраментаваць перад нашымі актывістамі. Улады і органы, якія працуюць супраць апазіцыі, робяць усё, каб тыя, хто заўважны на дэмакратычнай ніве, лічыліся несумленнымі, “грантасосамі”, як кажуць. І каб людзі ад нас адварочваліся.

Уладзімір Кацора накіраваў адпаведную заяву ў абласны выбаркам, у якой канстатуе, што недакладныя звесткі, надрукаваныя ў “Гомельскіх ведамасцях”, пачалі тыражавацца на адыёзных інтэрнэт-рэсурсах, што спецыялізуюцца на цкаванні апазіцыянераў. У адказе абласной выбарчай камісіі зазначаецца, што памылка з сумай прыбытку Уладзіміра Кацоры была дапушчаная ў электронным варыянце газеты, якая павінна выбачыцца за распаўсюд недакладных звестак.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

[manual_related_posts]