Уладзімір Кобец пра “выбары”: Захоп улады працягваецца



У АБСЕ няма падставаў, каб пазітыўна ацаніць “выбары” ў Палату прадстаўнікоў, такую думку выказаў каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Уладзімір Кобец. Палітык заўважыў, што незалежныя назіральнікі масава фіксуюць грубыя парушэнні і фальсіфікацыі, пра што можна даведацца нават з сацыяльных сетак. Уладзімір Кобец зазначае, што сёлетнія “выбары” – гэта чарговы этап узурпацыі ўлады, які працягваецца з 1996 года:

– Натуральна, што ніякіх выбараў не адбываецца, і той захоп улады, які адбыўся ў 1996 годзе, працягваецца. Як мы ведаем, законным старшынём ЦВК і дагэтуль застаецца Віктар Ганчар. А тыя людзі, якія здзейснілі тады пераварот, трацяць сёння яшчэ адзін шанец для Беларусі сесці за круглы стол перамоваў.

Таксама палітык зазначыў, што новы склад Палаты прадстаўнікоў не зменіць палітыкі ў дзяржаве, бо толькі свабодна абраны парламент можа бараніць інтарэсы Беларусі:

– Будзе працягнута тая ж самая палітыка, што і раней. Падчас кіравання Лукашэнкі адбываецца расеізацыя Беларусі. Мы бачым “казачкоў”, якія спачатку былі смешнымі, а зараз па ўсёй краіне ідзе свядомая палітыка на тое, каб у хуткім часе зрабіць аншлюс нашай краіны. Новы законна выбраны парламент – толькі ён мог бы стаць тым падмуркам для незалежнасці і захавання нашай краінай еўрапейскай перспектывы, бо наша краіна належыць не толькі сённяшняму пакаленню, яна належыць і будучым пакаленням беларусаў, якія павінны мець сваю краіну, а не быць калоніяй нейкай імперыі.

Уладзімір Кобец дадаў, што менавіта вольныя выбары пад міжнародным кантролем маглі б стаць гарантыяй захавання незалежнасці Беларусі, але беларускія ўлады не выкарысталі гэтага шанца.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Белсат