Уладзімір Колас: Выратаваць сітуацыю можа толькі з’яўленне новых палітычных сілаў



“На гэты час мы маем разбітае карыта, да якога беларуская апазіцыя ішла ўжо даўно”, – кажа кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас.

Уладзімір Колас

Да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія плануецца правесці не пазней за 15 лістапада, застаецца 7 месяцаў. Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, дакладную дату выбараў прызначаць у сярэдзіне жніўня.

Уладзімір Колас: На сёння мы маем разбітае карыта, да якога беларуская апазіцыя ішла ўжо даўно. Гэта нават тактыкай нельга назваць. Самі паводзіны, стаўленне да справы і з’яўляюцца прычынай той паразы, якая ўжо наканаваная. Безадказнае стаўленне, эгаістычнае, кан’юктурнае, якое, безумоўна, не можа даць вынікаў, бо перамога ніколі і не ставілася за мэту. Ставіліся нейкія іншыя другасныя задачы, а справа гэтага не даруе. Ні ў якой галіне – у тым ліку і ў палітыцы.

РР: На ваш погляд, чаму так і не адбыўся Кангрэс дэмакратычных сілаў?

Уладзімір Колас: Менавата з-за асабістых амбіцый. А, магчыма, і з-за таго, што ёсць заангажаваныя людзі, якія выконваюць пэўныя заданні па зрыве любых спробаў кансалідацыі апазіцыі. Не выключаю, што ёсць і такія. Усё ізноў адбываецца па сцэнару, які пішацца не ў кулуарах апазіцыі.

РР: Рух “За свабоду” заявіў, што не будзе прымаць удзел у выбарах, лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў склаў свае паўнамоцтвы. Гэта страта для беларускай дэмакратычнай грамадскасці напярэдадні выбараў?

Уладзімір Колас: Гэта было б стратай, калі б былі нейкія надзеі, шанцы і папярэднія дзеянні, якія б давалі падставы для гэтых надзей. Але, паколькі ўсімі ўдзельнікамі працэсу не былі прадпрыняты захады і намаганні для кансалідацыі і збірання ўсіх сілаў у кулак, што з’яўлялася адзінай умовай для нейкай барацьбы, то і сыход буйных палітычных фігур не можа ні дадаць нешта станоўчае, ні пагоршыць сітуацыю. Бо пагаршаць больш – ужо няма куды. Таму трэба чакаць новага пакалення палітыкаў, якія будуць здольныя да кансалідацыі і да таго, каб зрабіць высновы з гэтага негатыўнага досведу. Безумоўна, усё можна спісваць на рэжым і казаць, што, маўляў, мы ведалі, што прайграем, але добра папрацавалі. Але наўрад ці гэта ўжо спрацуе і дадасць сімпатый з боку грамадства да тых, хто гэтым займаецца.

РР: Някляеў сказаў, што цягнік далей не ідзе, ён пакідае гэты цягнік…

Уладзімір Колас: Ён мог так сказаць яшчэ напярэдадні мінулай кампаніі. Раней апазіцыя таксама казала, што без кансалідацыі перамога немагчыма, але, тым не менш, усе разбегліся ў розныя бакі. Ужо тады было зразумела, што справа прайграна, і ўжо тады можна было зрабіць такую заяву.

РР: Ці ўнясе інтрыгу ў выбарчую кампанію кандыдатура Таццяны Караткевіч?

Уладзімір Колас: Пра гэта некаторыя кажуць. Жанчына-кандыдат, гламурныя фота… Але не думаю, што на гэта нехта будзе глядзець сур’ёзна. Слушна ўжо казалі, што справа не ў тым, жанчына будзе балатавацца ці мужчына. Справа ў тым багажы і ў той пазіцыі, з якой пачынаецца кампанія. Калі б Караткевіч сур’ёзна абралі патэнцыйным кандыдатам, то працаваць над яе іміджам і раскруткай трэба было даўным даўно. Пачынаць з нізкага старту – абсалютна бесперспектыўна. І, калі Таццяна Караткевіч збіралася ісці на выбары, парупіцца пра гэта ёй трэба было не зараз. Не чыталі мы ніякіх яе артыкулаў, не ведаем за ёй ніякіх учынкаў. Ведаем, што гэта добры чалавек – і ўсё. Але добры чалавек – гэта, як кажуць, не прафесія. Таму, шчыра кажучы, мала хто верыць у некія сур’ёзныя шанцы Таццяны Караткевіч.

РР: Да выбараў застаецца 7 месяцаў. Ці можа за гэты час апазіцыя ўсё ж-такі яшчэ нешта вартае зрабіць?

Уладзімір Колас: Гэтая апазіцыя – не можа. Выратаваць сітуацыю ўвогуле можа толькі з’яўленне нейкіх новых сілаў. Але на гэта таксама цяжка спадзявацца, бо сёняшняя апазіцыя зрабіла ўсё, каб не падрыхтаваць сабе змену. І гэта таксама факт. Тым не менш, заўсёды трэба спадзявацца на лепшае…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]