Уладзімір Лабковіч: Праваабаронцы ўхваляюць рашэнне Рады ААН



Спецдакладчык ААН па Беларусі застаецца. Рада ААН у пытаннях правоў чалавека працягнула мандат адмысловага дакладчыка ў правах чалавека ў Беларусі. Рада таксама просіць наноў прызначанага дакладчыка даць новую справаздачу на 38-й сесіі Рады і на 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Гаворыць праваабаронца Уладзімір Лабковіч:

– Гэта адзнака сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якую мы маем на дадзены момант. Міжнародная супольнасць зноўку паставіла двойку беларускім уладам за сістэматычныя і грубейшыя парушэнні правоў чалавека, якія ёсць у Беларусі. Са свайго боку мы, праваабаронцы, вітаем гэты крок. Механізм дакладчыка надзвычай важны для аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі ў Беларусі. І чарговы раз заклікаем улады Беларусі зрабіць высновы з гэтай адзнакі і без умоваў пачаць супрацоўнічаць з дакладчыкам.

Супраць працягу мандату спецдакладчыка ў Беларусі выступілі Балівія, Бурундзі, Венесуэла, Індыя, Кітай, Куба, Філіпіны і Егіпет, «за» прагаласавалі 18 краінаў — сяброў Рады, устрымалася 21. Раней з прапановай скасаваць мандат выступалі Беларусь і Расея.  Ад 2012 году пасаду дакладчыка па Беларусі займае Міклаш Харасьці. Але афіцыйны Менск адмаўляецца з ім супрацоўнічаць і не пускае ў Беларусь.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя