Уладзімір Лабковіч: Забарона на агітацыю незаконная



Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч пракаментаваў адмову камандзе Ціханоўскай праводзіць афіцыйна дазволеныя мітынгі.

Як вядома, 6 жніўня каманда кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай не праводзіла мітынг-канцэрт у парку Дружбы народаў, бо там нечакана Міністэрства абароны вырашыла святкаваць Дзень чыгуначных войскаў.

Раней ёй адмовілі ў правядзенні мітынгаў на розных падставах і на іншых пляцоўках.

Уладзімір Лабковіч: Забарона на агітацыю, безумоўна, незаконная. Мы зыходзім у першую чаргу з таго, што пастановамі мясцовых органаў улады вызначаны спецыяльныя месцы для правядзенне агітацыі ў час кампаніі.

А гэта значыць, што ўлады прыярытэтна вызначылі гэтыя месцы, як тыя, што ў першую чаргу павінны быць прадстаўлены для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў. Для культурна-забаўляльных мерапрыемстваў застаюцца іншыя месцы, якія не вызначаны для правядзення агітацыі. А тая ж плошча Бангалор на час агітацыі павінна была прадастаўляцца толькі для правядзення агітацыйных мерапрыепстваў.

А калі ёсць калізія, хто павінен у гэтым месце выступаць, то на час прэзідэнцкай кампаніі перавага павінна аддавацца кандыдату ў прэзідэнты. Тым больш, што каманда Святланы Ціханоўскай загадзя падала заяўку на правядзенне канцэрта-мітынг, і ўладам было добра вядома месца і час, дзе адбудзецца мерапрыемства. Таму мы ўбачылі адназначную перашкоду ў агітацыі і адназначна незаконнае рашэнне мясцовых ораганаў улады.

РР: Гэтае рашэнне каманда Ціханоўскай абскардзіла ў Генеральную пракуратуру, ЦВК і Менгарвыканкам…

Уладзімір Лабковіч: Няма ніякага сэнсу ў такім абскарджванні, бо ўжо 9 жніўня – выбары. Ды і няма ў нашай краіне незалежнага прававога арбітра, які б мог вынесці справядлівае рашэнне ў гэтай сітуацыі. Абскарджванне мае больш псіхалагічнае значэнне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота babruysk.by