Уладзімір Макей: Вакол БелАЭС паднялася палітычная вакханалія



У апошні час вакол БелАЭС паднялася палітычная вакханалія. Такое меркаванне выказаў 27 траўня журналістам міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

„Адной рукой Літва галасуе за адмену санкцый, другой — супраць супрацоўніцтва з фінансавымі інстытутамі, якія садзейнічаюць будаўніцтву АЭС. Беларусі незразумелыя палітычныя інсінуацыі вакол будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі, — сказаў міністр. — Гэта азначае фактычна новыя завуаліраваныя санкцыі”.

Паводле яго слоў, Беларусь як краіна, якая найбольш пацярпела ад чарнобыльскай катастрофы, „ніколі не будзе будаваць небяспечную станцыю”. „Мы не хацелі б зноў мець „атамную бомбу запаволенага дзеяння”, як вобразна выказаўся адзін з літоўскіх палітыкаў. Мы не такія, прабачце, ідыёты”, — падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Макей звярнуў увагу, што адзін з папрокаў Літвы складаецца ў тым, што Беларусь будуе небяспечную АЭС новага тыпу. Паводле яго слоў, расейскі рэактар такога тыпу выкарыстоўваецца ў тым ліку ў шэрагу еўрапейскіх краін — Чэхіі, Славеніі, Венгрыі, Фінляндыі. Літва таксама выстаўляе прэтэнзію, што АЭС будуецца ўсяго толькі за 50 кіламетраў ад Вільні. Макей прывёў прыклады, калі ў шэрагу краін Еўропы такія станцыі будуюцца паблізу буйных гарадоў і паблізу межаў суседніх краін, але іх ніхто за гэта не папракае.

„Мы не папракаем Літву ў тым, што Ігналінская АЭС усяго за два кіламетры”, — сказаў Макей. Ён адзначыў, што Беларусь неаднаразова накіроўвала запыты аб тым, як менавіта яна выводзілася з эксплуатацыі, а таксама пра тое, як вядзецца будаўніцтва атамнай станцыі ў Вісагінасе і сховішча адпрацаванага ядзернага паліва недалёка ад беларуска-літоўскай мяжы. Аднак адказаў на гэтыя запыты так і не атрымала.

Паводле слоў кіраўніка МЗС, беларускі бок неаднаразова прапаноўваў Літве правесці неафіцыйныя кансультацыі па АЭС. Ён паведаміў, што ў трэцяй дэкадзе чэрвеня Беларусь і Літва ў правядуць афіцыйныя кансультацыі.

„Антыбеларуская істэрыя, якая нагнятаецца цяпер у літоўскім грамадстве, не спрыяе развіццю добрасуседскіх, сяброўскіх адносін паміж нашымі краінамі. Мы брацкія народы і нам няма чаго дзяліць. Трэба адысці ад палітычных заклікаў і інсінуацый, садзіцца экспертам за стол перамоваў і абмяркоўваць усе пытанні, якія турбуюць абодва бакі”, — лічыць міністр.

belapan.by

[manual_related_posts]