Уладзімір Някляеў: Беларусь стаіць пад пагрозай далучыцца да Расеі добраахвотна



Дзярждэпартамент  ЗША пачаў эвакуяваць сем’і дыпламатаў з Кіеву. Гэта яшчэ адзін знак таго, што магчымасць расейскага ўварвання на тэрыторыю Украіны становіцца рэальнай. Месца асноўнай атакі пачынае аддавацца экспертамі менавіта Беларусі, якая аслаблена ўнутраным палітычным крызісам, грамадскім расколам і эканамічнай залежнасцю ад Расеі. Такая сітуацыя фактычна „абнуляе” усю гісторыю Беларусі за апошнія 104 гады і патрабуе асэнсавання.

Фота Лукаша Стэпанюка

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка паразмаўляла з „Госцем Рацыі” – паэтам, празаікам, грамадска-палітычным дзеячам Уладзімірам Някляевым пра тое, што якім чынам беларусы могуць вырашыць крызіс у краіне, якую ролю адыгрывае Падляшша для Беларусі, ці ёсць месца паэту ў родным Крэве і якім чынам Расея можа паглынуць Беларусь:

– Расею я разумею, у 2024 годзе там выбары, не будзе канешне захопу сілавога, будзе паўзучая інкарпарацыя. Па сутнасці ўжо на сённяшні дзень Беларусь ужо расейская. Яны перакананыя, што ў 2024 годзе яны выйдуць на адзіную валюту. Карацей будзе выглядаць так, што Беларусь добраахвотна, хай і нефармальна, але далучылася да Расеі. Гэта канешне падыме палітычны рэйтынг Расеі і на гэта яны разлічваюць. Яны так, але што мы – беларусы ва ўладзе ці ў апазіцыі, мы што, можам неяк спавядаць гэтыя самыя ідэі? Мы што, самагубцы? Мы што, не бачым як развіваецца свет?

Пры ўсёй гэтай тэарэтычнай глабалізацыі глядзіце, як у той жа Еўропе, дзе ёсць гэты Еўразвяз, які ёсць сілай, стараецца аб’яднаць. Паглядзіце, што ў Італіі робіцца, што ў Іспаніі робіцца, у ангельцаў што робіцца. Ірландцы хочуць быць ірландцамі, нават у Венецыі тыя італьянцы, якія жывуць у Венецыі, кажуць мы не італьянцы, мы венецыянцы. Так што песня пра зліццё народаў і нацый у нешта адзінае цэлае яна спяваецца даўно, але па-мойму гэта такая даволі фальшывая песня. Так, чалавецтва ёсць адно цэлае – гэта безумоўна, гэта арганізм адзіны, але кожны чалавек адрозніваецца ад кожнага чалавека, так нацыі і народ. А чым можна адрознівацца, калі мы страцім мову, культуру? Нішчэнне ўсяго беларускага самімі беларусамі – гэта такі грэх перад Богам, што яго не „адмаліць і ў сямі цэрквах”. Да некага гэта ўрэшце павінна дайсці. Калі інакш нешта, то я тады дарма пражыў жыццё і нічога ў ім не зразумеў.

РР: Ці праўда, што на Падляшшы асноўнае апірышча беларушчыны па-за Беларуссю?

– На Падляшшы свае праблемы, не меншыя, чым у нас. Давайце глядзець рэальна на гісторыю. Так, была русіфікацыя, але ж была і паланізацыя. З не меншай інтэнсіўнасцю яна праводзілася, а нават з большай. Вось мой сябар Яўген Вапа, з якім я апошнія два дні стасуюся, размаўляю, ён мне столькі парасказваў. Такі цікавы момант быў, раптам распавядае, як у 1982 годзе ён хацеў патрапіць на сустрэчу з Максімам Танкам у Гайнаўцы. А 1982 год – гэта ваеннае становішча ў Польшчы. Сустрэча была такая закрытая, ён тым не менш з сябрамі неяк прабраліся да дзвярэй. Там ва ўсім гэтым афіцыёзе пра вечнае братэрства, пра сацыялістычную будучыню, ён яшчэ ў школе вучыўся, яму 17-ць гадоў было, хацеў задаць пытанне: „А што будзе з Беларусссю, з мовай беларускай?”. Іх выкінулі на двор, а потым паасобку пацікавіліся імі польскія паліцыянты. Я пытаю: „Гэта дакладна быў 1982 год?”. Ён: „Дакладна”. Там не проста Максім Танк, а цэлая дэлегацыя беларускіх савецкіх пісьменнікаў. І ў гэтай дэлегацыі быў я. Вапа кажа: „Дык гэта ты на нас наслаў міліцыянтаў?”

Божа мой, той 1982 год таксама быў вельмі сур’ёзны. Нас чаму паслалі сюды, дарэчы пра гэта напісана ў рамане, які я тут прэзентаваў, вырашалася пытанне ці ўводзіць у Беларусь расейскія войскі, тады вырашалася пытанне ці ўводзіць у Польшчу. Перад тым, як уводзіць танкі, вырашылі паслаць культурную дэлегацыю. Ну, маўляў, можа быць яны дамовяцца, усё ж гэта замуціла інтэлігенцыя польская, там ужо рабочыя ў Гданьску – гэта ўжо сіла, інструмент, усе гэта разумелі. Хацелі спачатку маскоўскую дэлегацыю, пасля прыдумалі, што трэба беларусаў паслаць, бо яны амаль што палякі, з імі дамовяцца. Я тады шмат тут што ўбачыў і зразумеў. На сённяшні дзень у нас сітуацыя кепская, але і тут не лепшая, бо што рабіць з гэтым Падляшшам. Тут жа ўсё было, і „Буры” тут быў, вёску Вапы спалілі – гэта факт. На сённяшні дзень сітуацыя з беларушчынай на Падляшшы вельмі складаная. Яна была б канешне значна прасцейшая ў тым выпадку, каб беларускае цікавіла саму дзяржаву беларускую, тады гэта была б зусім іншая рэч, не толькі беларусаў, якія тут жывуць. Польскія ўлады разумелі б, што ёсць падтрымка суседняй дзяржавы, інакш бы адносіліся, а так калі яны бачаць, што Беларусь сама хавае сябе, як дзяржаву нацыянальную, то яны задаюцца пытаннем: „Навошта нам падтрымліваць тут у сябе беларускую меншасць, калі народ беларускі сам сябе не падтрымлівае?”. Вось такая сёння сітуацыя на Падляшшы, яна выглядае для мяне на сённяшні дзень небяспечнай.

РР: Лагічнае пытанне, чаму Рэспубліка Беларусь не падтрымлівае дыяспару тут?

– Давайце спытаем, чаму беларуская дзяржава не падтрымлівае беларускасць дома? Тады мы будзем мець адказ на пытанне, чаму я на не падтрымлівае дыяспару за мяжой. Зноў жа з гэтага падарожжа вярнуўшыся я ўбачыў абсалютна новую па сваім унутраным стане дыяспару. Раней усе беларусы, якія з’язджалі вось гэтымі апошнімі гадамі, яны стараліся асімілявацца. Прыехаў у Амерыку, стаць амерыканцам, прыехаў у Нямеччыну, стаць немцам, прыехаў у Польшчу, стаць палякам. Цяперашняя плынь не хоча асімілявацца, яны хочуць заставацца беларусамі, хочуць вярнуцца беларусамі ў Беларусь. Гэта такая тэндэнцыя, якая мяне вельмі абнадзейвае і безумоўна тое, што сталася ў самой Беларусі. Контррэвалюцыя перамагла, гэта не першы выпадак у гісторыі, але перамогі контррэвалюцыі ні да чаго добрага ніколі не прыводзілі. Вынікі контррэвалюцыі рознымі шляхамі мікшыраваліся. Тое самае будзе ў нас, галоўнае, я пра гэта ўжо пісаў, што не кожная рэвалюцыя прыводзіць да змены ўлады, нават калі змяняецца ўлада – гэта яшчэ не ёсць рэвалюцыя. Рэвалюцыя – гэта змена свядомасці. Вось калі адбываецца змена свядомасці – гэта сапраўдная рэвалюцыя, яна ў нас адбылася. Гэты працэс незваротны, а той, хто яму супрацьстаіць, проста супрацьстаіць будучыні і таму, што мусіць стацца.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

З „Госцем Рацыі” паэтам, празаікам, грамадска-палітычным дзеячам Уладзімірам Някляевым размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]