Уладзімір Някляеў: Калі палітычны крызіс у Беларусі не вырашыцца, то з балота краіну ўжо не выцягнем
Шмат беларусаў апынулася па-за межамі Беларусі і чакаюць на найхутчэйшае вырашэнне палітычнага крызісу ў краіне.

Сваімі назіраннямі пра магчымасць такога вырашэння падзяліўся паэт, празаік, грамадска-палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў:
– Цяжка зараз гарманічна суіснаваць з уладай пасля таго, што сталася. Я зараз праехаў па ўсёй Польшчы, у Літве, я сустракаўся з сотнямі людзей, прэзентуючы апошні свой новы раман „Гэй Бэн Гіном”. На прэзентацыі прыходзіла процьма людзей, я нават не чакаў гэтага. Усе гэта людзі, якія змушаныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь не па сваёй волі і апынуцца на чужыне. Прычым без істотных прычын, яны нічога крымінальнага не зрабілі, яны ні ў чым не вінаватыя. Ніхто ім не можа давесці.
Усе ж ведаюць, што я калісьці займаўся палітыкай, меў прэтэнзіі на прэзідэнцтва, яны думаюць, што я нешта здольны зрабіць, прыдумаць, каб змяніць гэтую сітуацыю. На жаль, я нічога прыдумаць не магу. Калі б я мог нешта прыдумаць і зрабіць, я б гэта прыдумаў і рабіў. Але вось у гэтых сённяшніх варунках я проста не ведаю што, якія крокі зрабіць, каб неяк зрушылася гэта з мёртвай кропкі. Гэта абавязкова трэба, неабходна пасунуцца з абодвух бакоў, я іншага выйсця не бачу. Разлічваць на тое, што нешта станецца ў Расеі, катастрофа палітычная, я не бачу ніякіх перадумоў для таго, каб у Расеі сталася і ў нас зноў „адчынілася фортка”. У іх там цана на нафту, як была так і ёсць. Ці нам санкцыямі ці нейкімі іншымі дзеяннямі Захад дапаможа, тыя самыя спадзяванні былі ва ўкраінцаў, яшчэ большыя, дык яны былі больш апраўданыя, бо ў іх лілася кроў, вайна ішла. І таксама нічога такога не сталася, каб гэтымі санкцыямі, палітычнымі рашэннямі Захаду сітуацыя выправілася. Таму я тут усё ж такі разлічваю на нейкае збліжэнне ўнутранае. Я не думаю ў гэтым сэнсе пра ўладу, як пра Аляксандра Лукашэнку непасрэдна, бо ён наўрад ці здольны зараз пасунуцца. Я не ведаю, ён сапраўды ўявіў гэтых людзей ворагамі.
Я нават не магу ўцяміць, што зараз адбываецца ў галовах гэтых людзей, якія цягаюць па пастарунках. Ужо заняліся пераследам тых, хто галасаваў за іншых. Проста галасаваў. Што гэта такое? Нейкі вар’яцкі дом. Нейкі лек павінен адшукацца, каб гэтую хваробу спыніць. Але ёсць жа, апроч гэтай вярхушкі, нейкі чалавек, усё ж такі цэлая дзяржаўная сістэма, там ёсць я ведаю нармальныя людзі. Мне здаецца, што яны павінны ўцяміць, зразумець, што чым далей так будзе, тым больш у балота будзе апускацца Беларусь. Мы можам яе адтуль і не выцягнуць.
Паводле Уладзіміра Някляева, у Беларусі хапае чыноўнікаў і прафесіяналаў, якія мусяць прыняць валявыя рашэнні і паспрабаваць выправіць сітуацыю без аглядкі на Расею ці Захад.

Беларускае Радыё Рацыя
