Уладзімір Някляеў сустрэўся ў Кіеве з Пятром Парашэнкам



Паэт і палітык Уладзімір Някляеў, які знаходзіцца ў Кіеве на ўрачыстасцях па ўшанаванні памяці герояў Нябеснай сотні, сустрэўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

„Сустрэч было дзве. Першая — у Міхайлаўскім саборы, дзе сабраліся бацькі герояў Нябеснай сотні, другая — сам-насам у рэзідэнцыі прэзідэнта, — паведаміў БелаПАН Някляеў. — Гаварылі шмат пра што, і не толькі пра палітыку. Пра паэзію таксама. Прэзідэнт Украіны добра ведае літаратуру і разумее яе ролю, увогуле значэнне культуры ў станаўленні дзяржавы і нацыі”.

Адна з тэм гаворкі, паводле слоў Някляева, — магчымасць надання загінуламу на Майдане беларусу Міхасю Жызнеўскаму звання Героя Украіны, якім можа быць уганараваны толькі яе грамадзянін. Гэтая норма закона замінала ўзнагародзіць Жызнеўскага. Парашэнка паабяцаў пасадзейнічаць у тым, каб Жызнеўскаму надаць спачатку ўкраінскае грамадзянства, а пасля званне героя.

„Што да палітыкі, дык размова ішла ў рэчышчы сітуацыі, якая складваецца вакол Украіны і Беларусі”, — адзначыў Някляеў.

Член украінскай арганізацыі УНА-УНСО гамяльчанін Міхаіл Жызнеўскі быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў цэнтры Кіеве стрэлам у сэрца. Ён стаў адной з першых ахвяр супрацьстаяння з сілавікамі прэзідэнта Віктара Януковіча, які праз месяц збег з краіны. Бацькам Жызнеўскага быў уручаны ордэн Героя Нябеснай сотні. Летась украінскі ўрад прызначыў ім пажыццёвую стыпендыю.