Уладзімір Някляеў: Выбары чарговы раз сфальсіфікавалі
Апошнія выбары ў Палату прадстаўнікоў, як і папярэднія за апошнія 20 гадоў, не былі ні свабоднымі, ні празрыстымі, ні справядлівымі – лічыць паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Краіна, і гэта самае сумнае, мае нелегітымную заканадаўчую уладу з 1996 году. І зараз быў шанец змяніць такое становішча. „Калі б тыя, хто зараз прадстаўляюць беларускую ўладу, адчувалі адказнасць за краіну, за яе далейшы лёс, за людзей, якія тут жывуць, то яны б правялі гэтыя выбары, як мае быць. Ад гэтых людзей залежала вельмі шмат”, – сказаў Уладзімір Някляеў.
– Калі б насамрэч былі выбары і быў абраны сапраўдны парламент, гэты парламент мог бы павярнуць палітычную сітуацыю, унёсшы законы, якія прывялі б да палітычных рэформаў, а ўслед за гэтым – і эканамічных. Я каму толькі гэта не даводзіў – і вышэйшым, і ніжэйшым служкам улады. Усе ківалі галовамі, але зрабілі тое, што і заўсёды – падпарадкаваліся Лукашэнку і сфальсіфікавалі чарговы раз выбары.
Аднак трэба настойліва дабівацца правядзення сапраўдных выбараў, каб Беларусь стала сапраўды незалежнай, дэмакратычнай еўрапейска краінай, — кажа Ўладзімір Някляеў. Гэта цяжка зрабіць. Але з улікам таго, што зараз рэжым слабы, як ніколі, – палітычна, эканамічна, і шукае паратунку як на Усходзе, так і на Захадзе, на змены ёсць шанец, – лічыць Уладзімір Някляеў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org
