Уладзімір Някляеў: Я нікому не дазволю зруйнаваць Рух
Сябры Руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць” абураны дзеяннямі старшыні Руху Уладзіміра Някляева. Ён падтрымаў Кангрэс дэмсілаў і паехаў у Брусэль ад імя Руху.
У той час, як радай гэтай арганізацыі было прынятае рашэнне аб няўдзеле ў праекце Мікалая Статкевіча па аб’яднанні дэмакратычных сілаў, бо ён перахапіў іхнюю ініцыятыву. Гаворыць сябра рады Алесь Мех (на фота справа):
– На гэтым кангрэсе не вырашылі ніводнага пытання, не далі ніводнага адказу менавіта зараз, калі ў краіне эканамічны крызіс, калі краіна стаіць перад чарговымі псеўдавыбармі. Яны проста стварылі нейкія арганізацыйныя структуры і адразу адправіліся ў Брусэль. Пасля кожнай паездкі яны мусяць даваць справаздачу, чым яны там займаліся.
Паводле Меха, гэтага не адбылося. 30 траўня ў пратэст дзеянням Някляева падалі заявы выхаду з Руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць” каардынатар Язэп Бурко і намеснік старшыні Дзмітры Вінаградаў.
“У гэтую дыскусію ўваходзіць не збіраюся, бо за ёю нічога не стаіць”, – заявіў у нашым эфіры Уладзімір Някляеў:
– Апроч даўніх асабістых прэтэнзій некалькіх чалавек да асобы Мікалая Статкевіча – ініцыятара правядзення Беларускага нацыянальнага кангрэсу. Яны лічаць яго чалавекам, з якім сёння нельга мець справу. А я лічу, што калі сёння і можна з нейкім мець справу, то толькі з ім. Хаця б па той прычыне, што пасля размовы пра тое, як супрацьстаяць пагрозе страты нашай дзяржавай незалежнасці, ён не пабяжыць да нейкага куратара з КДБ ці з расейскага ФСБ, каб дакласці, што і як мы збіраемся рабіць.
Уладзімір Някляеў добра ставіцца і да Алеся Меха, і да кожнага, хто ўвайшоў у склад Руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць”. Але, калі нехта з іх незадаволены – не трымаем, кажа палітык, які ўжо, паводле ўласнага прызнаньня, стаміўся ад разборак. Тым больш, нікому не дазволю зруйнаваць свой Рух:
– Каля 15 гадоў таму быў праведзены І Усебеларускі сход за незалежнасць Беларусі. Сярод яго ініцыятараў былі мае даўнія сябры, тыя, якія на жаль ужо адышлі – паэты Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін. Рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць” я пачаў ствараць у працяг рашэння таго гістарычнага сходу, каб супрацьстаяць пагрозе страты дзяржаўнасці і незалежнасці. Цяпер гэтая пагроза відавочная, і я нікому не дазволю зруйнаваць Рух, скіраваны на яе прадухіленне.
Сябра рады Руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць” Алесь Мех выступіў з заявай, што Уладзімір Някляеў з асабістай ініцыятывы удзельнічаў у Кангрэсе дэмакратычных сіл, маўляў, рада Руху забараніла яму прымаць удзел і рабіць заявы ад імя арганізацыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Радыё Рацыя і gs.by