Уладзімір Цімашэвіч: Еўропа мусіць быць больш жорсткай з Расеяй, каб захаваць Украіну



Расейска-украінскі крызіс здарыўся на фоне развалу еўрапейскай архітэктуры бяспекі, што перашкаджае Еўропе выступіць адным фронтам па пытанні Украіны. Гэтыя ды іншыя пытанні абмеркавалі ўдзельнікі анлайн-дэбатаў «Расейска-ўкраінскі крызіс: што далей?».

Да больш жорсткай палітыкі ЕЗ заклікаў дэпутат Еўрапарламенту, былы прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Рэспублікі Польшча Уладзімір Цімашэвіч:

-Як еўрапеец, які пражывае на самым краі Еўразвязу, чый дом знаходзіцца ў трох кіламетрах ад мяжы з Беларуссю, дзе ўжо дэслакаваныя не толькі беларускія, але ўжо і расейскія вайскоўцы, я разумею, наколькі высокія стаўкі. Але мы не мусім ісці на саступкі апартуністычнаму рэжыму. Гэта ёсць найгоршым рашэннем сітуацыі, якая склалася.

Сваім прагнозам па крызісе падзяліўся былы міністр замежных спраў Украіны, дырэктар праграмы еўрапейскіх, рэгіянальных і расейскіх даследаванняў Украінскага інстытуту будучыні Павел Клімкін:

-Адзінае пытанне, у які спосаб крызіс будзе вырашаны: перамовамі, праз эскалацыю ці гібрыдную вайну. Цяжка пра гэта казаць, але, на маю думку, гэта будзе сваеасаблівы мікс такіх рэчаў. Няўдалыя вырашэнні падобных сітуацый у мінулым не ёсць добрым вырашэннем справаў будучыні. Важна, што Украіна патрабуе дапамогі.

Удзельнікі анлайн-дэбатаў заклікалі да ўсебаковай дапамогі Украіне і праяваў еднасці ўсяго Еўразвязу.

Падчас сустрэчы асаблівыя засцярогі былі выказаны наконт сустрэчы Пуціна з Віктарам Орбанам у гэты ж дзень у Маскве, якія абмеркавалі пастаўкі газу ў Венгрыю і супрацу вакол АЭС у Пакшэ.

Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]