Уладзімір Вуек: У судовым парадку будзем аспрэчваць адмову



Берасцейскім актывістам забаранілі выказваць пазіцыю адносна незалежнасці Беларусі. Адмову ў правядзенні пікетаванняў атрымалі сябры берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі. Мерапрыемства планавалася правесці 27 ліпеня ў дзень афіцыйнага свята беларускай незалежнасці. Адзін з заяўнікаў пікетавання Уладзімір Вуек лічыць адмову ў правядзенні прадказальнай у сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце:

– Не дзіўна, таму што гэта не ў першы раз забараняюць правядзенне масавых мерапрыемстваў. Хутчэй за ўсё мы будзем аспрэчваць гэта ў судовым парадку. Мы будзем фіксаваць дзеянні ўлады на тое, як парушаюцца нашыя правы. Па-другое, улада чарговы раз паказала сваю рэакцыю, што яна не збіраецца дапамагаць нам рэалізоўваць нашыя правы, а наадварот стварае першкоды, таму што для ўлады гэтае пытанне вельмі нязручнае, і робіцца зразумела, што ўлада думае з гэтай нагоды.

Мерапрыемствы планавалася правесці ў цэнтры горада. У адказе ўлады спаслаліся на тое, што пікеты можна праводзіць у дазволеных, спецыяльна адведзеных месцах – а менавіта ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў і на стадыёне “Лакаматыў”. На думку сябраў партыі, такое рашэнне мясцовай улады парушае канстытуцыйныя правы грамадзян.

Беларускае Радыё Рацыя