Уладзімір Зяленскі ідзе ў прэзідэнты Украіны



Папулярны шоўмэн Уладзімір Зяленскі заявіў, што будзе балатавацца ў прэзідэнты Украіны. Пра гэта ён паведаміў у этэры тэлеканала „1+1”.

„Я хачу пагаварыць з вамі шчыра, як Уладзімір Зяленскі. Зараз ва Украіне такая сітуацыя, калі ў кожнага ўкраінца ёсць тры шляхі. Першы шлях – жыць як жывеш, трымацца плыні. І гэта нармальна, гэта выбар кожнага. Другі шлях – сабраць свае рэчы і паехаць у іншую краіну, зарабляць там грошы, дасылаць іх сваім блізкім і сваякам. І гэта таксама нармальна. Але ёсць яшчэ трэці шлях – паспрабаваць самому што-небудзь памяняць ва Украіне. І я для сябе абраў менавіта яго”, – сказаў Зяленскі.

Па словах шоўмэна, яго даўно пыталі: „Ідзеш, не ідзеш?”.

„Ведаеце, у адрозненне ад нашых вялікіх палітыкаў, я не хацеў вам дарма абяцаць. І зараз, за некалькі хвілін да Новага году я нешта паабяцаю. І адразу выканаю. Шаноўныя ўкраінцы, я абяцаю вам пайсці ў прэзідэнты Украіны. І адразу выконваю. Я іду ў прэзідэнты Украіны. давайце зробім гэта разам”, – сказаў ён.

Цікава, што зварот Зяленскага тэлеканал паказаў у той час, калі звычайна паказваюць навагодні зварот прэзідэнта. Зварот цяперашняга прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі „1+1” паказаў пасля таго, як гадзіннік прабіў апоўначы.

31 снежня ва Украіне афіцыйна стартавала прэзідэнцкая выбарчая кампанія.

Беларускае Радыё Рацыя