Уладзімір Зяленскі падзякаваў прэзідэнту Польшчы і ўсім палякам



Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў прэзідэнту Польшчы і ўсім палякам за паслядоўную падтрымку ў абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны, а таксама падтрымку імкненняў украінцаў інтэгравацца ў Еўразвяз і НАТА.

«Такая падтрымка асабліва важная ў гэтыя цяжкія часы», – напісаў прэзідэнт Украіны ў Твітары.

«Я ўдзячны за тое, што мы можам разам змагацца з праблемамі бяспекі ў рэгіёне», – дадаў ён.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў Польшчу па запрашэнні прэзідэнта Анджэя Дуды. Палітыкі размаўлялі ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Вісле, на поўдні Польшчы. Асноўнай тэмай стала пагроза з боку Расеі.

Украінскае пытанне стала таксама асноўнай тэмай сённяшніх перамоваў у Жэневе дзяржсакратара ЗША і міністра замежных справаў Расеі. Пасля сустрэчы Энтані Блінкен паведаміў журналістам,  што  папярэдзіў Сяргея Лаўрова, што перасячэнне расейскімі войскамі мяжы Украіны пацягне адказ.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]