Ультралевыя заяўляюць, што імі цікавяцца праваахоўнікі



Ультралевыя заяўляюць, што праваахоўнікі спрабуюць выявіць актывістаў ці іх сваякоў, якія працуюць на дзяржаўных прадпрыемствах. Такую цікавасць у незарэгістраваным Беларускім левым фронце звязваюць з нядаўняй заявай пра падрыхтоўку “Агульнанацыянальнага працоўнага страйка-2017”.

Лідар арганізацыі Дзмітрый Кудранок адзначае, што страйк не з’яўляецца нейкай праявай масавых беспарадкаў. Паводле ягоных слоў, уладаў больш за ўсё палохае працоўны рух:

—Гэта ўсяго тэхнічнае спыненне абсталявання, якое безумоўна патрабуе дагляду, наладак альбо наўпрост фізічна патрэбна адпачыць працаўніку. Гаварыць нам больш няма аб чым паколькі той, хто будзе высоўвацца, скажам так, той трапляе пад махавік рэпрэсій. Людзей звальняць і рэпрэсаваць не дамо, таму мы будзем рабіць такія сумесныя акцыі.

Пра неабходнасць працоўнага страйку літаральна некалькі дзён таму заявіў і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі. Ён заклікае да стварэння па ўсёй Беларусі забастовачных камітэтаў і да падрыхтоўкі агульнанацыянальнага страйку.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя