Унесеныя змяненні ў дэкрэт „Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”



Аляксандр Лукашэнка 8 лістапада падпісаў дэкрэт № 7, якім унесеныя змяненні ў дэкрэт № 3 ад 25 мая 2020 года „Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, паведамляе яго прэс-служба.

У рэлізе падкрэсліваецца, што „падыходы па працы з замежнай бязвыплатнай дапамогай не мяняюцца, а карэктуюцца і дапаўняюцца асобныя палажэнні”.

У новай рэдакцыі дакумента ўдакладняюцца тэрміны „маёмасць”, „тавар”, каб „выключыць іх неадназначнае тлумачэнне”. Адзначана, што маёмасць і тавары, якія ўносяцца ў якасці ўкладу ў статутны фонд юрыдычнай асобы яе замежным заснавальнікам, не адносяцца да замежнай бязвыплатнай дапамогі. Да дапамогі ў выглядзе грашовых сродкаў будуць адносіцца таксама сродкі, якія паступілі шляхам пагашэння электронных грошай.

З’явіліся дадатковыя катэгорыі адпраўнікоў такой дапамогі: арганізацыі, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца па-за межамі краіны больш за 183 дні на працягу 12 месяцаў, што папярэднічаюць месяцу накіравання дапамогі. Асобна замацавана азначэнне „замежны ананімны ахвяравальнік”.

У самім дакуменце, размешчаным на сайце Лукашэнкі, пад такімі ахвяравальнікамі маюцца на ўвазе асобы, якія накіравалі замежную бязвыплатную дапамогу, у тым ліку пералічылі грашовыя сродкі праз банк-нерэзідэнт, і не пазначылі звесткі ў плацежных і іншых дакументах, што дазваляюць іх ідэнтыфікаваць (прозвішча, імя, імя па бацьку — калі маецца, месца жыхарства і (або) знаходжання (краіна), назва арганізацыі, банкаўскія рэквізіты), альбо якія пазначылі недакладныя звесткі.

У папярэдняй версіі дакумента гэта паняцце не раскрывалася.

Дэкрэт, паводле версіі прэс-службы Лукашэнкі, „захаваў адказнасць і ўдакладніў забароненыя заканадаўствам мэты выкарыстання дапамогі, палажэнні ўрэгуляваныя з улікам іншых нормаў заканадаўства, прынятага ў гэтым годзе”. Аб якім менавіта заканадаўстве ідзе гаворка, не ўдакладняецца.

Як і ў ранейшай версіі дэкрэта, забараняецца выкарыстанне такой дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам, альбо фінансавання палітычных партый, саюзаў (асацыяцый) палітычных партый; падрыхтоўкі або правядзення выбараў, рэферэндумаў, адклікання дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых саветаў, арганізацыі альбо правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый, пікетавання, забастовак, вырабу або распаўсюджвання агітацыйных матэрыялаў; арганізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на правядзенне палітычнай і агітацыйна-масавай працы сярод насельніцтва.

„Аднак забарона цяпер будзе тычыцца выкарыстання сродкаў не толькі непасрэдна для ажыццяўлення такой дзейнасці, але і ў цэлым у сувязі з пералічанымі напрамкамі”.

Пералік дазволеных мэтаў выкарыстання дапамогі таксама застаўся ранейшым. У ім 14 пазіцый.

Новы дэкрэт набудзе моц праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання.

Парадак атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі ў Беларусі неаднаразова крытыкаваўся праваабаронцамі і юрыстамі. C 2003 года гэтая сфера рэгулюецца выключна дэкрэтамі. Пытанні прыцягнення і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі курыруе дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта.