Урад ухваліў пагадненне з Еўракамісіяй па праекце МОСТ+
Савет міністраў пастановай ад 16 жніўня № 546 ухваліў праект пагаднення паміж урадам Беларусі і Еўрапейскай камісіяй аб фінансаванні праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі „ЕЗ для Беларусі: Праграма мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў Плюс (МОСТ+)” у якасці асновы для правядзення перамоў.
Як паведаміла прэс-служба ўрада, на правядзенне перамоў па праекце пагаднення і падпісанне пагаднення пры дасягненні дамоўленасці ў межах ухваленага праекта ўпаўнаважана Міністэрства замежных спраў.
У нядаўнім інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын, якая завяршае сваю місію, назвала праграму МОСТ сваім любімым праектам. Гэта праект прафесійных абменаў, дзякуючы якому беларускія спецыялісты могуць праходзіць стажыроўкі ў Еўропе, наведваць розныя мерапрыемствы і канферэнцыі для ўстанаўлення кантактаў з еўрапейскімі калегамі і наладжвання прафесійных сувязяў.
„Праект быў прадоўжаны, яго рэалізацыя працягваецца. Плануецца ўнесці ў яго невялікія змены, якія дадуць большую гнуткасць для працяглых візітаў спецыялістаў у ЕЗ, калі гэта неабходна, — расказала Віктарын. — Я лічу, што МОСТ — унікальны праект, які быў распрацаваны спецыяльна для Беларусі. Думаю, што ён вельмі паспяховы”.
