Ураду Беларусі давядзецца „аддувацца” перад ААН



У першы працоўны дзень 2017 года гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку паштальён прынёс адразу чатыры паведамленні з Камітэта ААН па правах чалавека пра рэгістрацыю новых скаргаў.

ААН

Цяпер ураду Беларусі прыйдзецца шукаць адказы на пытанне, чаму Галіне Бяловай разам з іншымі праваабаронцамі гомельскія чыноўнікі забаранілі ў Дзень правоў чалавека 10 снежня 2014 года вулічнае шэсце.

Камітэт ААН па правах чалавека запытваецца ў беларускіх уладаў, чаму лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку сталічныя чыноўнікі пакаралі максімальным штрафам (на суму каля 10 мільёнаў недэмінаваных беларускіх рублёў) толькі за тое, што ён распаўсюджваў улёткі пра маючы адбыцца 25 сакавіка ў Дзень Волі мітынг.

Таксама ўладам давядзецца патлумачыць пакаранне штрафам Алены Луцковіч, пра яе справу нагадаў праваабаронца Леанід Судаленка:

– Яна з пасёлка Акцябрскі Гомельскага рэгіёна. Гэта тая дзяўчына, якая пасля прэзідэнцкіх выбараў 2015 года выйшла на галоўную плошчу райцэнтра з плакатам “Я маю доказы пра тое, што прэзідэнцкія выбары былі сфальсіфікаваныя”. Па гэтым выпадку раённы суд таксама прысудзіў ёй буйны штраф. Яна з маёй дапамогай звярнулася ў камітэт ААН – гэта было 1-га чэрвеня. Цяпер мы атрымалі паведамленне, што яе скарга зарэгістравана і таксама накіравана беларускаму ўраду для каментароў.

Камітэт ААН таксама прыняў да разгляду скаргу жыхара Гомеля Эдуарда Нелюбовіча, які аспрэчвае адразу чатыры забароны на правядзенне мірных сходаў у 2015 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя