„Украінскае Радыё” пачне вяшчаць на акупаваным Данбасе



Зараз ідуць працы па змяненні канструкцыі антэны, якая будзе перадаваць сігнал на большую частку акупаваных тэрыторый Данбаса. Паводле прыблізных разлікаў тэхнічна запусціць вяшчанне можна будзе праз тры месяцы. Ноччу пакрыццё сігналам ахопіць усе акупаваныя раёны Луганскай і Данецкай абласцей.

Нацыянальная рада выдала дазвол на тэрыторыі, дзе вядзецца АТА, з выкарыстаннем радыёчастаты 873 кГц у Часаў Яры Данецкай вобласці Нацыянальнай тэлекампаніі Ўкраіны, якая будзе распаўсюджваць перадачы першай праграмы  „Украінскага радыё”. Пра гэта паведамляе прэс-служба Нацыянальнай рады па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання.

Разлікі паказваюць, што „такім чынам пры магутнасці 50 кВт у дзённы час вяшчаннем „Украінскага радыё” будуць ахоплены падкантрольныя ўкраінскаму ўраду тэрыторыі – Канстанцінаўка, Краматорск, Дзімітраў, Арцёмаўск, Лісічанск і большая частка акупаваных тэрыторый, у тым ліку гарады Данецк, Горлаўка, Макееўка, Тарэцк, Шахцёрск, Тарэз, Енакіева, Дэбальцава, Бранка, Алчэўск” – адзначыў сябра Нацыянальнай рады Сяргей Касцінскі.

Беларускае Радыё Рацыя