Усебеларускі кангрэс за незалежнасць плануе да 500 удзельнікаў



Усебеларускі кангрэс за незалежнасць, які плануецца правесці ў дзень Канстытуцыі, 15 сакавіка, плануе прыцягнуць да 500 удзельнікаў. Такое рашэнне было прынятае на пасяджэнні аргкамітэта 17 студзеня, гаворыцца ў паведамленні, перададзеным БелаПАН старшынёй аргкамітэта кангрэса Ігарам Рынкевічам.

Адзначаецца, што па заяўках ад партый, рухаў і іншых арганізацый колькасць ахвотных удзельнічаць у кангрэсе перавышае 1.000 чалавек. Але большасць членаў аргкамітэта прынялі рашэнне аб папярэдняй колькасці дэлегатаў у 500 чалавек, таксама плануецца запрасіць 100 назіральнікаў, гасцей і прадстаўнікоў СМІ.

«Такі падыход дазволіць лягчэй правесці кангрэс у адпаведным памяшканні, бо залаў з тысячнай аўдыторыяй нават у Менску вельмі мала. Горш за тое, аргкамітэт рыхтуе рэзервовы план правядзення кангрэса ў Вільні, калі мясцовая беларуская ўлада стане ганебна перашкаджаць правядзенню ўсебеларускага форуму. У крайнім выпадку застаецца варыянт правядзення кангрэса ў фармаце мітынгу на плошчы», – адзначаецца ў паведамленні.

Таксама арганізатары кангрэса вырашылі не пазней за першы тыдзень сакавіка правесці круглыя сталы па ўсіх пяці тэматычных напрамках. На гэтых мерапрыемствах будуць выпрацаваныя праграмныя дакументы для іх публічнага абмеркавання. «Гэта дазволіць 15 сакавіка правесці кангрэс без тэматычных секцый, праз агульныя пленарныя пасяджэнні», – падкрэсліваецца ў паведамленні.

Правядзенне кангрэса ўхваліла Рада БНР. Таксама ў склад аргкамітэта ўвайшлі міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, грамадская дырэкцыя народнага мемарыялу Курапаты. Шэраг партый і грамадскіх структур прымуць рашэнне аб уваходзе ў склад суарганізатараў у бліжэйшыя дні.

Сустаршынёй аргкамітэта таксама прызначаная старшыня савета Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская. Са складу сустаршыняў выйшаў экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, ён зоймецца працай з пулам экспертаў.

Наступнае пасяджэнне аргкамітэта адбудзецца 23 студзеня.

БелаПАН

[manual_related_posts]