„Усё! Замазалася берасцейская апазіцыя за ўладу!”



Такія словы Аляксандра Лукашэнкі цытуе Telegram-канал „Пул Первого”, які асвятляе дзейнасць кіраўніка краіны. Гэта і шэраг іншых выказванняў з якімі можна азнаёміцца на згаданым канале, мелі месца на сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці Берасця.

Падрабязней апавядае праваабаронца Раман Кісляк, які апынуўся сярод запрошаных на яе:

– Была заўчасная размова, напярэдадні пра тое, што можа быць такая сустрэча з грамадскасцю. Узняць пытанне будаўніцтва і эксплуатацыі акумулятарнага завода. Натуральна, гэта самая галоўная тэма для горада Берасця. Мы не маглі прайсці міма (яе). У нядзелю (дзень штотыднёвых акцыяў пратэста на плошчы Леніна) супрацоўнікі міліцыі казалі, што можна пайсці ў гарвыканкам і запісацца на сустрэчу з прэзідэнтам па тэме акумулятарнага завода. Была мажлівасць выказацца. Ім была агучана прапанова, што берасцейцы правядуць рэферэндум. Было абяцана, што пусканаладачных работ да правядзення рэферэндума не будзе. Былі ўзгадненні. Былі нават людзі, якія не прайшлі праз службу бяспекі. Імі было рэкамендавана, каб гэтыя людзі не ўдзельнічалі (у сустрэчы). Таццяну Фесікаву не пажадалі бачыць. Прыкладна каля 10 чалавек. Сустрэча была на вуліцы каля будынка гарвыканкама.

Частка праціўнікаў акумулятарнага завода, якія цягам апошніх дзвух гадоў пратэставалі супраць ягонага будаўніцтва, ужо выказаліся супраць такога кроку як размова з Лукашэнкам. Свае каментары яны пакінулі ў допісах пад сумеснымі фотаздымкамі кіраўніка Беларусі і „акумулятаршчыкаў”, якія трапілі ў сеткі. Згаданая сустрэча прайшла ў межах візіта Лукашэнка ў Берасце 22 чэрвеня.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце