Ва Украіне блакуюць расейскія банкі



Ва Украіне праходзіць беспрэцэдэнтная акцыя супраць расейскіх банкаў, якія пагэтуль працуюць у краіне. Праўкраінскія актывісты заблакавалі офісы “ВТБ-банка”, “Ашчаднага банка Расеі” і “Прамінвестбанка”, якія знаходзяцца ў Кіеве. Прытым у “ВТБ-банке” нават заварылі браняваныя дзверы.

Прычына блакады расейскіх фінансавых установаў – абвастрэнне сітуацыі ў Аўдзееўцы і, як след – нежаданне бачыць ва Украіне расейскія фінансавыя ўстановы, якія ўскосна фінансуюць акупантаў.

Пра прычыны блакады распавядае актывіст Сцяпан Федчанка:

 Кожная капейка, укладзеная ў расейскі банк, прыносіць прыбытак Расеі. Адпаведна, кожная капейка расейскага капіталу – гэта капейка ў войска. Адпаведна, войска атрымлівае свае набоі, а набоі прылятаюць у нашых салдат.

Тым часам Старшыня Нацбанка Украіны Валерыя Гонтарава ў інтэрв’ю ўкраінскім ЗМІ заявіла, што ў банкаў з расейскім капіталам, якія працуюць ва Украіне, няма будучыні.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: “Новое время”