Ва Украіне праеўрапейскія сілы ідуць на выбары раздроблена



Цэнтральная выбарчая камісія Украіны зарэгістравала 44 кандыдаты ў прэзідэнты.

Сярод кандыдатаў значная колькасць палітыкаў, якія прытрымліваюцца праеўрапейскага вектару ў сваіх праграмах. Хаця нават сярод гэтай групы кандыдатаў няма адзінства. А некаторыя нават маюць у сваёй біяграфіі карупцыйны след.

Кажа журналіст, дырэктар беларускай валанцёрскай службы „InformNapalm” Дзяніс Івашын:

– На жаль, няма пэўнага цэнтру, які б спалучыў усе патрыятычныя, нацыянальныя сілы вакол аднаго лідара, асабліва падчас баявых дзеянняў з Расейскай Федэрацыяй, падчас ужо шостага году вайны. І адсюль гэтая вялікая колькасць праеўрапейскіх рухаў, праеўрапейскіх сілаў, якія прысутнічаюць на гэтых выбарах. Перадусім тут можна назваць асобу нумар адзін – Юлія Уладзіміраўна Цімашэнка, хоць яна нібыта ўяўляе праеўрапейскі выбар, але ж яна абсалютна грае супраць Пятра Аляксеевіча Парашэнкі.

Апрача дзеючага прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, фігуруюць і іншыя „кандыдаты ў прэзідэнты 2019” праеўрапейскага вектару ў палітыцы Украіны. Называюцца аналітыкамі Анатоль Грыцэнка, Алег Ляшко, Дмітро Гнап, Віталь Купрэй.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя