Ва Украіне прапануюць разарваць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю



У Вярхоўнай Радзе Украіны зарэгістравалі праект пастановы аб разрыве дыпламатычных адносін Украіны з Беларуссю, паведамляе ТАСС.

Аўтарамі гэтага дакумента выступілі сябры міжфракцыйнага аб’яднання „За дэмакратычную Беларусь”. Яго асноўную частку складаюць дэпутаты ад партыі экс-прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі „Еўрапейская салідарнасць”.

Нагадаем, што днямі ва Украіне забаранілі вяшчанне дзяржаўнага тэлеканала „Беларусь 24” за антыўкраінскую прапаганду і паказ расейскіх артыстаў, забароненых ва Украіне. 

Акрамя таго МЗС Украіны чакае тлумачэнняў ад афіцыйнага Менска наконт заяваў так званай „ЛНР”, што яе прадстаўнікі правялі следчыя дзеянні з блогерам Раманам Пратасевічам.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: ua.igotoworld.com