Ва Украіну прыехалі эксперты з Нідэрландаў



Група экспертаў з Нідэрландаў для расследавання трагедыі з „Боінгам-777” прыбыла сёння ва Украіну прэзідэнцкім бортам Пятра Парашэнкі. Да гэтага некалькі назіральнікаў ад АБСЕ з сур’ёзнымі складанасцямі патрапілі на месца, дзе знаходзяцца часткі самалёта. Прадстаўнікі так званай Данецкай Народнай Рэспублікі абмяжоўваюць доступ да месца здарэння прадстаўнікам міжнародных місіяў. Прычына такога захавання невядомая.

Не толькі ўкраінцы бачаць у трагедыі з “Боінгам-777” расейскі след. Турысты, якія таксама прыходзяць да амбасадаў Нідэрландаў і Малайзіі ў Кіеве, збольшага схіляюцца да думкі, што Расея нясе прынамсі ўскосную адказнасць, бо “ні для каго не сакрэт, што менавіта яны забяспечваюць апалчэнцаў зброяй”. Такое меркаванне выказаў грамадзянін Вялікабрытаніі Сміт. Падазрэнні ўзмацняюцца яшчэ тым, што прадстаўнікі так званай ДНР не спяшаюцца дзяліцца з афіцыйным Кіевам знойдзенымі на месцы трагедыі доказамі ці перадаваць целы загінулых.

Са свайго боку, ведаеце, мне здаецца, што Пуцін нясе адказнасць за гэта. Доказы, якія былі знойдзеныя, але так і не прадстаўлены, наўпрост кажуць, што ёсць што хаваць.

– Мы прыехалі ў Кіеў выпадкова. Проста планавалі наш уік-энд тут. І ведаеце, наш самалёт выляцеў літаральна гадзіну перад тым самым малайзійскім рэйсам. І я думаю, таксама як наш міністр замежных справаў, што прарасейскія байцы адказныя за тое, што здарылася.  Гэта маё меркаванне.

Кіяўляне, якія штодзённа прыносяць кветкі да амбасадаў Нідэрландаў і Малайзіі выказваюць розныя меркаванні датычна адказнасці за трагедыю. Частка з украінцаў лічыць, што рана рабіць высновы пра тое, хто вінаваты.

Вось пішуць: “Пуцін, Пуцін…” Трэба разабрацца спачатку, а пасля казаць, хто вінаваты. Так, над нашай тэрыторыяй упаў, але рознае здараецца… Калі гэта хтосьці падстроіў, то гэта такі грэх…

– На маю думку, гэта так безадказна і злачынна гаварыць пра тое, хто мусіць адказаць за гэта, бо ніякіх доказаў, вынікаў экспертызы і вывадаў міжнародных прафесійных камісій пакуль няма.

– Ім ўсё роўна, хто вінаваты: іх проста няма.

Расследаванне тэракту з “Боінгам-777” ускладняецца ячшэ і тым, што ў раёне, дзе адбылася трагедыя, па сёняшні дзень ідуць баі. Нягледзячы на перамовы, бакі яшчэ цалкам не перапынілі агонь.

Ва Украіну прыбыла афіцыйная дэлегацыя экспертаў з Нідэрландаў, а таму расследаванне катастрофы “Боінгу-777” мусіць паўнавартасна пачацца ўжо з гэтага тыдня.

Вольга Чарных, Беларускае Радыё Рацыя

Фота http xinhua2.com, Twitter