Ва Узброеных сілах Беларусі пачалася комплексная праверка баявой гатоўнасці



25 студзеня ва Узброеных сілах Беларусі ў адпаведнасці з рашэннем міністра абароны генерал-лейтэнанта Андрэя Раўкова праводзіцца комплексная праверка гатоўнасці і здольнасці шэрагу злучэнняў і вайсковых часцей выканаць задачы па прызначэнні.

Кіруе праверкай начальнік Генеральнага штаба — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў.

Як паведамляе Мінабароны, асаблівасцю гэтай праверкі з’яўляецца прыцягненне да выканання задач, у першую чаргу, воінскіх часцей і падраздзяленняў пастаяннай гатоўнасці. Некаторыя воінскія часці і падраздзяленні са складу ВПС і войскаў СПА, сіл спецыяльных аперацый, войскаў Заходняга і Паўночна-заходняга аператыўных камандаванняў ужо атрымалі распараджэнні аб прывядзенні ў вышэйшыя ступені баявой гатоўнасці.

„Гэта праверка з’яўляецца лагічным працягам мерапрыемстваў па падтрыманні баявой гатоўнасці Узброеных сіл”, — паведамляе Мінабароны.

У ходзе мерапрыемстваў прадугледжана ажыццяўленне асобнымі падраздзяленнямі і вайсковымі часцямі маршаў у прызначаныя раёны, выкананне практыкаванняў кантрольных (навучальных) стрэльбаў з узбраення баявых машын, стралковай зброі і гранатамётаў.

Плануецца выкарыстанне матэрыяльнай базы Абуз-Лясноўскага, Гожскага і Барысаўскага палігонаў, што павінна забяспечыць комплексны падыход да падрыхтоўкі войскаў і іх праверкі.

Для стварэння становішча, якое спрыяе інтэнсіфікацыі працэсу навучання асабістага складу, плануецца прыцягненне падраздзяленняў сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл, якія будуць адпрацоўваць уласныя вучэбна-баявыя задачы, дзейнічаючы за ўмоўнага праціўніка.

belapan.by