Вайна ва Украіне: большасць украінцаў можа апынуцца за рысай беднасці



82-і дзень вайны. Ва ўкраінскім Мікалаеве скончылася пітная вада. Яшчэ як мінімум два месяцы яе не будзе, паведаміў мэр горада Аляксандр Сянкевіч.

Мікалаеў Фота: facebook.com/DSNSMYKOL

Тэхнічная вада ад сённяшняга дня будзе паступаць у дамы тры гадзіны раніцай і дзве гадзіны ўвечары. Але выкарыстоўваць яе можна толькі для гаспадарча-бытавых патрэбаў. Праблемы з водазабеспячэннем пачаліся ў горадзе пасля абстрэлаў 12 красавіка, калі быў пашкоджаны водаправод Дняпро — Мікалаеў. Амаль месяц цэнтралізаванае водазабеспячэнне працавала з перабоямі. Жыхарам даводзілася выкарыстоўваць прывазную ваду з рэзервуараў-назапашвальнікаў, а таксама з адкрытых свідравін. Сёння зранку Мікалаеў ізноў трапіў пад абстрэл: пашкоджаны будынак мэблевай крамы і паркоўка.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый папярэдзіла, што працяглая вайна Расеі з Украінай можа выклікаць імклівыя працэсы збяднення ўкраінцаў: 9 з 10 украінцаў апынуцца за рысай беднасці. Як адзначаецца ў паведамленні ААН, «ва Украіне разбураныя будынкі, дарогі, масты, лякарні, школы на суму не менш як 100 мільярдаў даляраў. Палова прадпрыемстваў цалкам закрытая, другая палова мае складанасці з працай. Калі вайна зацягнецца, то гэта можа паставіць пад пагрозу амаль 20 гадоў развіцця краіны».

Раней Генеральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш заяўляў, што працяг вайны ва Украіне можа выклікаць голад не толькі ў гэтай дзяржаве, а і паўплываць на глабальную харчовую сістэму.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]