Вайна ва Украіне: Запарожжа прыпыніла супрацу з Беларуссю
80-ы дзень вайны. Кіраўнікі МЗС краін «вялікай васьмёркі» на сустрэчы ў нямецкім Вангельсе прынялі пастанову аб узмацненні палітычнай ізаляцыі Расеі і наданні дапамогі Украіне ў выглядзе паставак зброі. Адзначаецца, што вайсковая дапамога Украіне будзе аказвацца «столькі, колькі гэта будзе неабходна». Акрамя таго, кіраўнікі, міністры замежных спраў найбольш эканамічна развітых краін свету заклікалі Кітай не аказваць дапамогу Расеі і не апраўдваць распачатую ёй вайну. У сумеснай заяве краін гаворыцца, што ключом да ўзмацнення ціску на Расею з’яўляецца паэтапная адмова ад расейскай нафты. Чакаецца, што на наступным тыдні краіны — чальцы ЕЗ прыйдуць да паразумення па гэтым пытанні, нават калі супраць яго па-ранейшаму будзе выступаць Вугоршчына. Па выніках сустрэчы таксама было вырашана ўвесці дадатковыя санкцыі ў дачыненні да расейскай эліты, шэрагу эканамічных суб’ектаў, цэнтральных урадавых устаноў і Узброеных сілаў.

Тым часам, Запарожская вобласць Украіны прыпыняе супрацоўніцтва з Беларуссю. Гаворка ідзе аб прыпыненні сувязяў у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах. Так, абласная адміністрацыя спыняе дзеянне пагадненняў 2018 года, заключаных з Магілёўскім, Менскім, Гомельскім, Гарадзенскім і Берасцейскім абласнымі выканаўчымі камітэтамі Беларусі. Як вядома, цяперашнія ўлады Беларусі дазволілі Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Украіну з поўначы.
Беларускае Радыё Рацыя
