Вайсковыя лагеры, дзе рыхтуюць баевікоў. Міфічныя і рэальныя



У Беларусі зноў загаварылі пра лагеры баевікоў-экстрэмістаў, якія нібыта існуюць, у тым ліку і ва Украіне. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка. У заяве фігураваў класічны шпіёнскі набор: грошы з Польшчы і Літвы, падрыхтоўка экстрэмістаў да крывавага сцэнару і неназваная, але вельмі сумленная патрыётка з Еўразвяза, якая нібыта папярэдзіла ўлады пра варожыя правакацыі.

Чаму напярэдадні кожнага Дня Волі афіцыйны Менск палохае беларусаў “украінскімі лагерамі” і “ўкраінскімі баевікамі”? Ці ёсць насамрэч такія лагеры ва Украіне? А можа, лагеры па падрыхтоўцы баевікоў існуюць не на поўдзень ад Беларусі, а за яе ўсходняй мяжою?

У сітуацыі разбіраўся наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Аляксандр Ясянчук кіраўнік чарнігаўскай “Самаабароны Майдана”:

– Дагэтуль не магу ўцяміць: чаму па расейскіх тэлеканалах не распавядаюць пра арміі зомбі, якія паўсталі з магілаў і лезуць з Украіны праз беларускую мяжу? Ці пра крыважэрных цмокаў, якіх злосныя бандэраўцы выгадавалі дзесь у Карпацкіх гарах ці ў львоўскім метро і запускаюць у Беларусь напярэдадні кожнага Дня Волі? Паводле маіх дадзеных, нічога падобнага няма. Усе гэтыя размовы пра лагеры – нейкі самадзейны тэатр, разлічаны на самую прымітыўную публіку.

На маю думку, тыя людзі, якія знаходзяцца на зарплаце Крамля, распачалі неякую ўласную гульню. Падрабязнасці магу толькі прагназаваць, але ж звяртае ўвагу падабенства з сітуацыяй у нас напярэдадні Рэвалюцыі Годнасці, калі Януковічу таксама падсоўвалі розныя страшылкі пра замежных баевікоў. Лукашэнку, як і Януковічу, могуць проста падаваць сфальшаваную інфармацыю. І тут у галаве чалавека з аўтарытарным мысленнем, да таго ж цалкам адарванага ад рэчаіснасці, з’яўляюцца фантасмагарычныя карцінкі, на падставе якіх ён і прымае рашэнні.

РР: Адна са страшылак, якую запусцілі ў праўладных беларускіх медыя напярэдадні Дня Волі – “Вы што, хочаце, каб было так, як ва Украіне?” Чаму, на ваш погляд, беларусаў сістэмна палохаюць менавіта Украінай?

Аляксандр Ясянчук: Ва Украіне ідзе вайна. Расейскія медыя сістэмна прадстаўляюць Украіну як дзяржаву, якая не адбылася. Не адстаюць і беларускія праўладныя медыя, якія падаюць пра Украіну дэзінфармацыю і брахню. А ў Белерусі, паводле афіцыйнай дактрыны, галоўнае – “абы каб была стабільнасць”…

За апошнія месяцы на парадак пабольшала грамадзян Украіны, у тым ліку і этнічных беларусаў, якім забаронены ўезд у Беларусь. Можа, яны таксама праходзілі падрыхтоўку ў міфічных лагерах баевікоў?

Сваім бачаннем сітуацыі дзеліцца Аляксандр Краўчанка – кіраўнік грамадскага фармавання па ахове дзяржаўнай мяжы Рэпкінскага раёна Чарнігаўскай вобласці:

Шмат каму з нашых пабрацімаў, якія бралі ўдзел у Антытэрарыстычнай аперацыі, на ўкраінска-беларускай мяжы ставілі штамп у пашпарце “адмоўлена ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь”. Але ж зразумейце: гэта патрыёты Украіны! Чаму яны павінны ехаць у Беларусь і там нешта рабіць недазволенае?

РР: А чаму, на ваш погляд, іх так баяцца беларускія сілавікі?

Аляксандр Краўчанка: Беларускія сілавікі, як па мне, баяцца не іх. Беларускія сілавікі баяцца найперш сваіх гаспадароў у Крамлі, адкуль і ідуць каманды. Ва ўсіх у нас ёсць сваякі і крэўныя ў Беларусі, на той жа Гомельшчыне, і беларусаў мы ўспрымаем як сяброў. Але ж разам з тым мы не забываем, што цяперашні беларускі рэжым хаўрусны з Расеяй, то бок з краінай-агрэсарам, якая вядзе супраць Украіны вайну.

Але ж вайсковыя лагеры, дзе рыхтуюць баевікоў супраць незалежнай Беларусі, насамрэч існуюць. Толькі не ва Украіне, а ў Расейскай Федэрацыі. Працуюць яны пад шыльдамі шматлікіх вайскова-патрыятычных клубаў, а таксама казацкіх арганізацый. Беларускія КДБ і МУС ніяк не рэагуюць на масавую вярбоўку моладзі ў гэтыя лагеры, дзе беларускіх дзетак інструктуюць спрактыкаваныя садысты і забойцы з непрызнаных ЛНР і ДНР.

Затое беларускую прысутнасць у гэтых лагерах дбайна фіксуюць ва Украіне. Пра небяспеку падобных вайсковых вышкалаў распавядае Дзмітрый Плугін – супрацоўнік Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі:

– Што такое “лагер казацкай падрыхтоўкі”? Зборы, стрэльбы, інтруктары, тактычная падрыхтоўка…

РР: А які ідэалагічны складнік падрыхтоўкі ў такіх лагерах?

Дзмітрый Плугін: “Русский мир”, “збіральніцтва расейскіх земляў”, “вялікая расейская цывілізацыя”… Між іншым, у тых лагерах ёсць нават ваенізаваныя структуры, дзе рыхтуюць і падлеткаў ад 12 да 14 гадоў. У Беларусі падобнае практыкуецца таксама, і сцэнар у вас такі ж самы, як быў і ва Украіне. Казакі – “пятая калона” ўсярэдзіне Беларусі. І не проста “пятая калона”, а агрэсіўнае ўзброенае фармаванне, якое каардынуецца з Масквы. На добры розум, і арганізатараў такіх вышкалаў, і ўсе гэтыя казацкія фармаванні ў Беларусі трэба разглядаць як частку акупацыйнай арміі і судзіць іх паводле дзейснага заканадаўства…

Словамі Лукашэнкі пра “лагеры баявікоў ва Украіне” зацікавіліся і ў СБУ. Праўда, там да заяваў беларускага кіраўніка паставіліся вельмі скептычна. Кіраўнік апарату старшыні Службы Бяспекі Украіны Аляксандр Ткачук заявіў наступнае: “Пакуль ніякай дадатковай, дэталёвай інфармацыі, акрамя той, што была агучаная прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, у нас няма”.

На фотаздымках: Вайсковы вышкал беларускіх дзетак у лагеры расейскіх казакаў-баевікоў

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: kazak.by