Вакульчык: Заўчасна казаць, ці дойдзе справа «Белага легіёна» да суда



Кіраўнік КДБ Беларусі Валерый Вакульчык лічыць заўчасным гаварыць пра тое, ці дойдзе справа „Белага легіёна” да суда. Пра гэта ён заявіў 13 чэрвеня журналістам у Палаце прадстаўнікоў, адказваючы на пытанне, ці дойдзе справа да суда з улікам таго, што яе фігурантаў пачалі адпускаць.

Гэта заўчасна казаць пра гэтыя пытанні. Справа ў тым, што следства аб’ектыўна разбіраецца з тымі праблемамі, якія ёсць, — сказаў Вакульчык. — Вы выдатна ведаеце, што абвінавачанні сур’ёзныя былі выстаўленыя, але ў каго не было доказаў або хто невінаватыя, ім усё спынена. І гэта праца ідзе для таго, каб аб’ектыўна разабрацца”.

Паводле слоў Вакульчыка, у гэтай справе „з пункту гледжання кваліфікацыі дзеянняў ёсць элемент арганізаванасці і ўзброенасці”. Кіраўнік КДБ таксама падкрэсліў, што артыкул 287 (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання) Крымінальнага кодэкса, па якім выстаўленыя абвінавачанні некаторым фігурантам справы, не з’яўляецца палітычным артыкулам. „Гэта экстрэмізм, сур’ёзныя рэчы. Але разам з тым устаноўка ў следчых аб’ектыўна разабрацца ва ўсіх пытаннях, — сказаў Вакульчык. — Вядома, я ведаю больш, але не магу гаварыць у інтарэсах следства і ў інтарэсах тых асоб, якія праходзяць па гэтай справе, каб раней часу на кагосьці не ставіць кляймо. Я — прыхільнік таго, што, па сутнасці справы, усе адказы на пытанні павінны быць дадзеныя ва ўстаноўленым законам парадку. Бо раней часу нельга сказаць, што чалавек — злачынец і гэтак далей”.

На пытанне, ці лічыць КДБ Міраслава Лазоўскага (супрацоўнік выдавецтва „Кнігазбор”, былы актывіст „Белага легіёна” — арганізацыі, якая не існуе ўжо больш за 15 гадоў), які праходзіць па справе, галоўным, Вакульчык адказаў: „Нельга сказаць, што самы галоўны. Улічваючы дзеянні арганізаванасці, ёсць пытанне, хто там лідар, хто выканаўца, у чым заключалася роля кожнага. Таму не будзем ставіць на яго (Лазоўскага. — БелаПАН.) кляймо галоўнага ўдзельніка”.

Вакульчык таксама падкрэсліў, што ваенна-патрыятычны клуб „Патрыёт” не мае да гэтай справы дачынення. „Клуб „Патрыёт” — гэта розныя рэчы, не трэба блытаць. Проста некаторыя з тых, хто праходзіць па 287-м артыкуле, калісьці мелі дачыненне да клуба „Патрыёт”. Гэта розныя рэчы, няправільна іх будзе звязваць разам”, — сказаў кіраўнік КДБ.

Ён прызнаў, што справа „Белага легіёна” выклікае вялікую цікавасць і рэзананс у грамадстве, але не стаў удакладняць, што, паводле версіі КДБ, планавалі зрабіць яе фігуранты. „Вельмі шмат пытанняў, вельмі шмат інфармацыі. Вы ведаеце, колькі там удзельнікаў. Трэба разабрацца дэталёва па ўсіх пытаннях, каб не з’явілася потым абвінавачанняў у тым, што мы дзесьці тэндэнцыйна нешта асвятляем. Трэба набрацца цярпення, у найбліжэйшы час скончыцца следства, і вы атрымаеце ўсе адказы”, — сказаў старшыня КДБ.

Затрыманні па абвінавачанні ў падрыхтоўцы беспарадкаў пачаліся пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка 21 сакавіка заявіў аб „баевіках, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй”. КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучання і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па справе было затрымана больш за 30 чалавек: былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба „Белы легіён” (арганізацыя спыніла сваю дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба „Патрыёт” і не зарэгістраванага ў Беларусі „Маладога фронту”. Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт).

Паводле звестак праваабаронцаў, цяпер пад вартай застаюцца 14 фігурантаў справы. Спынены крымінальны пераслед у дачыненні да намесніка старшыні аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Сяргея Кулініча, членаў „Маладога фронту” Сяргея Пальчэўскага, Дзмітрыя Дашкевіча і Рамана Васільева. Абвінавачанні таксама знятыя з кіраўніка бабруйскага клуба „Патрыёт” Мікалая Міхалькова і яго сына Яна.

БелаПАН