Валер Карбалевіч: Грамадства асцярожна ставіцца да масавых акцый
“Запланаваная на 12 верасня акцыя – гэта больш маральны пратэст”, – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.
Экс-кандыдаты ў прэзідэнты Мікалай Статкевіч і Уладзімір Някляеў праінфармавалі Менгарвыканкам пра намер правесці 12 верасня масавую акцыю на Кастрычніцкай плошчы. Як на заклік былых палітвязняў адгукнецца грамадства?
Валер Карбалевіч: Калі казаць пра запланаванае мерапрыемства, то тут трэба сказаць пра некалькі рэчаў. Па-першае, тыя акцыі, што праводзіліся ў апошні год, не збіралі больш за тысячу чалавек. І я не ведаю, наколькі гэтая тэндэнцыя працягнецца. Па-другое, звычайна апазіцыя праводзіла нейкія акцыі ў дзень выбараў, а зараз, як бачым, фармат змяніўся, і акцыю прызначылі на наступны дзень пасля асноўнага дня галасавання. Гэта свайго роду кампраміс, бо апазіцыя разумее, што ў дзень выбараў рэакцыя ўладаў можа быць больш жорсткая.
РР: На ваш погляд, ці ёсць сэнс у акцыях, калі іх іх падтрымлівае нязначная колькасць людзей?
Валер Карбалевіч: На маю думку, гэта больш маральны пратэст. Ці быў, напрыклад, сэнс, калі ў 1968 годзе некалькі чалавек выйшлі на Чырвоную плошчу ў знак пратэсту супраць увядзення савецкіх войсках у Чэхаславакію? Так і сёння – тыя, хто выйдзе на акцыю, проста выкажуць сваю нязгоду з тым, як праводзіліся гэтыя выбары. Да таго ж, напэўна, будуць прысутнічаць міжнародныя журналісты, назіральнікі. Акцыя не паўплывае нейкім чынам на ўлады і вынікі выбараў, але падтрымае пэўны ўзровень актыўнасці самой апазіцыі.
РР: Але грамадству гэта не цікава?
Валер Карбалевіч: Думаю, пра тую траўму, якую атрымалі пасля падзей 19 снежня 2010 году, помняць усе – і ўлада, і апазіцыя, і грамадства. Да таго ж, гэтая траўма ўзмоцнена апошнімі падзеямі ва Украіне. Таму грамадства вельмі асцярожна ставіцца да такіх акцый, і апазіцыя гэта таксама разумее.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
