Валер Карбалевіч: Кіраўнікі на адказных пасадах усё драбнейшыя



Палітолаг Валер Карбалевіч разважае пра новыя кадравыя прызначэнні ў Адміністрацыі прэзідэнта.

Валер Карбалевіч

Фота svaboda.org

Нагадаем, што кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта прызначана Наталля Качанава, а яе першым намеснікам — былы памочнік кіраўніка краіны па пытаннях фізкультуры і спорту Максім Рыжанкоў.

РР: На ваш погляд, які сэнс быў у гэтых кадравых перасоўваннях? Нешта зменіцца?

Валер Карбалевіч: З выказванняў Лукашэнкі вынікала, што ён быў незадаволены працай выканаўчай вертыкалі краіны, а былы кіраўнік Адміністрацыі са сваёй задачай не справіўся. Натуральна, патрэбны былі новыя людзі. Вось і адбыліся напрыканцы году новыя кадравыя прызначэнні.

РР: Наталля Качанава – выратавальная “палачка” для Адміністрацыі прэзідэнта?

Валер Карбалевіч: Спадарыня Качанава найбольш вядома сярод людзей сваімі нязграбнымі выказваннямі, што ў свой час выклікала вялікі рэзананс у Інтэрнэце. Яе крытыкавалі, з яе смяяліся… Нічым іншым яна асабліва не вызначылася, калі меркаваць па тым, як рэагавала медыйная прастора. Таму я бачу, што адбываецца адмоўны селектарны адбор. Чым далей, тым па якасці кіраўнікі на адказных пасадах усё драбнейшыя і ўсё менш сімпатычныя для грамадства. Але ў гэтым таксама ёсць логіка адміністратыўнай сістэмы, калі наверх ідуць не самыя кемлівыя і разумныя.

РР: А што можна сказаць пра «спартсмена» Рыжанкова?

Валер Карбалевіч: Максім Рыжанкоў запомніўся тым, што даводзіў усім, як цудоўна развіваецца беларускі спорт. Відаць, цяпер будзе распавядаць грамадству, што ў краіне ўсё нашмат лепш, чым мы бачым на самай справе.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя