Валер Карбалевіч: Маем тупік усеагульны
Тупік і пат. Гэтак палітычную сітуацыю ў Беларусі характэрызуе палітычны аналітык Валер Карбалевіч.

– Апаненты рэжыму знаходзяцца ў дэпрэсіі. І ўлада таксама не адчувае сябе пераможцамі – працягвае гэтыя рэпрэсіі. Таму тут тупік усеагульны.
Крокаў, якія маглі б узняць рэйтынг і прэстыж Святланы Ціханоўскай і ейнае каманды, зараз проста не існуе ў прыродзе, мяркуе эксперт. Карбалевіч не пагаджаецца з прагнозамі наконт таго, што ў любым выпадку сітуацыя скончыцца перамовамі між уладамі і апазіцыяй.
– Я скептычна стаўлюся да тых праграмаў стратэгіі, якія выпрацоўвае беларускі ўрад. І да ўсіх стратэгіяў таксама, якія выпрацоўваюць усе яго апаненты. Зразумела, лепш мець стратэгію, лепш мець план, чым яго не мець. Таму любы план гэта ўсё ж такі добра. Але паміж яго рэалізацыяй і распрацоўкай вялікая дыстанцыя. Я памятаю, як той жа Франак Вячорка абяцаў перамовы ў траўні-чэрвені.
Ацэньваючы бягучыя стасункі між Менскам і Масквой, аналітык заўважае, што яны сталі складанейшымі ў параўнанні з вераснем.
Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя
