Валер Карбалевіч: Саюзнікаў у Пуціна акрамя Лукашэнкі няма



Размова з палітычным аглядальнікам Валерам Карбалевічам.

РР: Лукашэнка адмаўляе пра ўдзел беларускіх вайскоўцаў у агрэсіі супраць Украіны.

Валер Карбалевіч: Тое, што ўсю віну за гэтую агрэсію Расеі беларускі бок ускладае на Украіну, на Захад на НАТО, на ЗША, гэта зразумела і тут нічога новага. Лукашэнка ў сваім сённяшнім выступе абвяргае, прычым не зразумела да канца, што ён абвяргае: ці той факт, што з тэрыторыі Беларусі таксама адбываецца напад на Украіну, ці тое, што ў гэтым нападзе не ўдзельнічаюць беларускія вайскоўцы. З ягоных выказванняў не да канца зразумела. І яшчэ адзін важны момант. Лукашэнка расказвае, што Пуцін яму патэлефанаваў у пяць гадзін раніцы і сказаў пра спецаперацыю ў Данбасе. Па-першае, гаворка ідзе пра тое, што вайна не абмяжоўваецца спецаперацыяй у Данбасе. Яна ідзе цяпер па ўсёй мяжы Украіны і Расеі. То бок, гэта поўнавартасная вайна, а не лакальная спецаперацыя. З іншага боку, калі чытаць і глядзець выступ Пуціна, то там гаворка ідзе не толькі пра генацыд адносна ЛНР і ДНР, а пра дэмілітарызацыю і дэніфікацыю Украіны. То бок, гаворка ідзе, фактычна, пра змену дзяржаўнага ладу Украіны. Таму гэта зусім не спецаперацыя. Гэта поўнавартасная вайна супраць суседняй дзяржавы. То бок, Лукашэнка як бы спрабуе мінімізаваць, прынізіць увесь маштаб таго, што адбываецца і, зразумела, перакласці віну на Украіну.

РР: Гучаць такія каментары, што нібыта ўсе ведалі і рыхтаваліся да таго, што адбудзецца ваенны канфлікт. Але не спадзяваліся, што Пуцін адважыцца, каб расейскія кулі даляцелі ажно да Івана-Франкоўска.

Валер Карбалевіч: Ну так, тут такая сітуацыя дзіўная. З аднаго боку ўсе казалі пра вайну, пра магчымасць вайны. З іншага боку вельмі шмат людзей не верыла ў тое, што Пуцін рашыцца на поўнавартасную вайну. І вось цяпер высветлілася, што Расея гатовая, што Расея пачала гэтую вайну. Калі ў 2014-2015 гадах Расея казала, што расейскіх войскаў у ДНР і ЛНР няма, гэта шахцёры ваююць. То цяпер усё па другому. Расея фактычна прызнала, што расейскія войскі ўступілі на тэрыторыю незалежнай дзяржавы. Прычым не толькі на тэрыторыю, якую кантралююць ДНР і ЛНР, але і на тую, якую дасюль кантралявала ўкраінская дзяржава. Таму, з гледзішча міжнароднага права, гэта агрэсія, як бы не выкручваліся прапагандысты і кіраўнікі.

РР: Выглядае, што ў Расеі акрамя Лукашэнкі больш няма ніякіх саюзнікаў.

Валер Карбалевіч: Ніхто з іншых саюзнікаў Расеі па АДКБ не падтрымаў дзеянні Расеі. Таму Беларусь тут адзіны саюзнік. Можна лічыць, што фармальна прызналі ДНР і ЛНР, гэта Венесуэла, Нікарагуа, Куба, але гэта на сімвалічным узроўні, дыпламатычным. А на тэрыторыі Беларусі стаяць расейскія войскі і яны нібыта ўдзельнічаюць у гэтай агрэсіі. Лукашэнка аказаўся ў складанай сітуацыі, калі прыходзіцца наўпрост ці апасрэдавана ўдзельнічаць у чужой вайне. У вайне, якая не папулярная ў беларускім грамадстве, і таму я разумею, чаму ён так круціцца і спрабуе неяк змікшыраваць гэтую сітуацыю, непрыемную для яго самога.

Цалкам размова:

Размаўляў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]