Валер Шчукін: Апазіцыйныя акцыі трэба ладзіць па-за сталіцай



Адзін з найстарэйшых праваабаронцаў Беларусі Валер Шчукін, які напярэдадні адсвяткаваў свой 73 дзень народзінаў, скептычна адносіцца да магчымасці буйных апазіцыйных акцый у час і пасля прэзідэнцкіх выбараў гэтага году ў беларускай сталіцы. А таксама прапануе праводзіць іх у абласных цэнтрах, дзе, паводле яго, сілавікам будзе цяжэй разагнаць пратэстоўцаў:

– Думаю, чагосьці на ўзор намётавага мястэчка не будзе. Я не раз гаварыў, што ў Менску апазіцыйныя акцыя ладзіць няма сэнсу, што ўсе акцыі трэба праводзіць у абласных гарадах. У Менску ўсё павязана і прывязана. Але мяне не хочуць пачуць. У Менску, як толькі мы збіраемся, праз 15 хвілін з’яўляецца міліцыя і ўсіх затрымлівае. У абласных цэнтрах такога няма.

Сам віцебскі праваабаронца Валер Шчукін не аднойчы трапляў за краты за ўдзел у апазіцыйных акцыях, чым моцна падарваў і без таго слабое здароўе, таму ўжо часцей саступае дарогу маладым. Тым не менш праваабаронца не выключае, што на Дзень Волі выйдзе падтрымаць сваіх паплечнікаў і выказаць свой пратэст дзейнай уладзе.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя