Валерый Кавалеўскі: Лукашэнка – дыктатар на абароне іншых дыктатараў



У эфіры нашага радыё кіраўнік кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі паразважаў пра тое, хто з’яўляецца бенефіцыярам у накіраванні войскаў у Казахстан, і чаму Лукашэнка выгадна падрываць стабільнасць у рэгіёне і выходзіць за нацыянальныя межы.

– Гэта нельга назваць міратворчасцю, калі гэта адказ на пратэсты, тое што там адбывалася – гвалт марадзёрства і гэтак далей, гэта ўсё выглядае недарэчна і стала нелагічным развіццём таго, што мы бачылі ў першыя дні пратэсту. Мы назіраем сітуацыю, калі дыктатар падтрымлівае іншага аўтарытарнага лідара, то бок міратворчасцю гэта называць нельга. Больш за тое, калі сыходзіць з досьведу Еўропы, якая можа глядзець на гэта зараз, то ўзгадваецца ўвод войск Варшаўскага дагавору ў Венгрыю ў 1956 годзе, у Чэхаславакію ў 1968 годзе. Мы сёння становімся такім самым жандармам Еўропы ці нашай часткі свету, як некалі царская Расея, а потым Савецкі саюз. Вось такі новы тытул для Лукашэнкі ён такі жандарм, фактычна дыктатар на абароне іншых дыктатараў.

– Ці была магчымасць у Лукашэнкі не накіроўваць войскі ў Казахстан? І хто з тройкі дыктатараў Лукашэнка-Пуцін-Назарбаеў вядзе гульню?

– Я лічу, што Лукашэнка адзін з тых людзей, хто выйграе ў гэтай сітуацыі, таму што і развіццё падзеў у Казахстане, і тое, што АДКБ задзейнічана ў гэтай аперацыі, дае яму магчымасць адсунуць увагу ад сітуацыі ў Беларусі і, скажам так, нармалізаваць яе. Беларусь не адзіная краіна, дзе ёсць пратэст і вось паглядзіце, ён папярэджваў пра гэта, цяпер трэба выкарыстаць больш эфектыўныя механізмы, а ён нібыта сам справіўся з сітуацыяй, хаця мы ведаем, што гэта не так і пратэсты ў Беларусі працягваюцца, і тым не менш, ён паказвае, што гатовы пайсці настолькі далёка, што гатовы ўжываць ваенную сілу супраць пратэстоўцаў. А цяпер можна сказаць, што Пуцін наблізіўся да Лукашэнкі па метадалогіі, па тых захадах, што можна ўжываць супраць палітычных апанентаў. Так што я думаю, что Лукашэнка знаходзіцца ў сітуацыі, калі ён шмат атрымлівае ад развіцця падзей у адрозненні ад Арменіі, калі яны гавораць, што былі вымушаныя пайсці на такі крок, то Лукашэнка мог быць адным з тых, хто падштурхоўваў да гэтай сітуацыі.

– Улады, якія кіруюць Беларуссю не прызнаныя ўсёй Еўропай, але памятаеце, пасля таго, як пасадзілі самалёт Ryan Air у Менску, то ўсе пачалі гаварыць літаральна, што Аляксандр Лукашэнка – тэрарыст, а зараз беларускія войскі паехалі ў іншую краіну, то пашыраецца поле дзейнасці Лукашэнкі ў не найлепшым русле?

– Калі пачынаць з захопу самалёта, гэта ўжо трэці раз, калі Лукашэнка заступае за нацыянальныя межы і пачынае дзейнічаць у міжнароднай прасторы і дзейнічаць дэструктыўным чынам. Памятаем Ryan Air, памятаем міграцыйны крызіс, які быў накіраваны на тое, каб падарваць інтарэсы Еўразвязу і цяпер ужо ўзброеная інтэрвенцыя для падаўлення мірных пратэстаў у Казахстане. Для міжнароднай супольнасці, для Еўрапейскага звязу гэта прыкмета таго, што Лукашэнка перайшоў на новы ўзровень супрацьстаяння, што ён гатовы яшчэ больш рызыкаваць, яшчэ больш падрываць рэгіянальную стабільнасць і пытанні міру і бяспекі.

Цалкам гутарку можна паслухаць у далучаным аўдыёфайле:

Беларускае Радыё Рацыя