Валерый Кавалеўскі: Тое, што выглядае тупіком – даволі гарачае супрацьстаянне
У Варшаве з’явілася кальцавая развязка Вольнай Беларусі. У мерапрыемстве паўдзельнічаў і Валерый Кавалеўскі – прадстаўнік офісу Святланы Ціханоўскай, які распавёў у эфіры нашага радыё не толькі пра развязку, але і пра тое, навошта прыехаў у Варшаву:
– Рашэнне адкрыць кальцавую развязку «вольнай Беларусі» было прынята гарадской радай Варшавы, некалькі беларускіх ініцыятыў выступілі з такой прапановай і іх падтрымалі польскія палітычныя сілы. Развязка зназходзіцца на выездзе з Варшавы ў бок Берасця і таму сімвалічна, што кіроўцы, якія едуць у бок Беларусі, едуць туды дзе іх чакае вольная Беларусь. Прыняў удзел у мерапрыемстве Вольны хор і беларуская дыяспара.
– Ці азначае гэты жэст, што ў афіцыйнай Варшавы застаецца палітычная воля на падтрымку дэмакратычнай супольнасці Беларусі, не гледзячы на міграцыйны крызіс і іншыя праблемы?
– Я б нават больш скажу, гэтае пытанне аб’ядноўвае палякаў. Падтрымка дэмакратыі, падтрымка намаганняў беларусаў да пераменаў у Беларусі яна вельмі важная і аб’ядноўвае палітычныя сілы. Безумоўна, міграцыйны крызіс – выклік, але палякі аддзяляюць гэта ад тых падзей, якія адбываюцца ў Беларусі. Хаця мы разумеем, што гэтая атака фактычна на Польшчу з боку Лукашэнкі выкліканая тым, якую пазіцыю заняла Польшча, як моцна польскі народ падтрымлівае беларусаў у барацьбе за свабоду.
– Святлана Ціханоўская наведала Варшаву два тыдні таму, дзе сутракалася з прэзідэнтам, з прадстаўнікамі ByPol, а што зараз робіце ў Варшаве Вы?
– Я прыехаў сюды на кансультацыі з МЗС Польшчы для таго, каб абмеркаваць тыя пытанні, якія стаяць перад дэмакратычным рухам Беларусі. Гэта і пытанне падтрымкі беларусаў, якія апынуліся ў Польшчы, гэта і пытанне аб тым, як мы можам больш эфектыўна ўдзельнічаць у міжнародных арганізацыях і больш эфектыўна нагадваць пра сітуацыю ў Беларусі. Гэта ўсё тое, што павінна дапамагчы мабілізаваць міжнародныя рэсурсы і ўплываць на сітуацыю ў Беларусі, каб спыніць гэты крызіс.
– Многія эксперты ацэньваюць сучасную сітуацыю, як патавую, як перыяд чакання. Якое адчуванне ў Вас?
– Зараз мы вядзем больш паглыбленую дыпламатычную працу па выпрацоўцы супольнай пазіцыі па важных пытаннях, якім чынам мы можам далей уплываць на дзеянні рэжыма, каб спыніць рэпрэсіі і прымусіць рэжым Лукашэнкі прызнаць крызіс і пачаць перамовы па яго вырашэнню. Тое што выглядае тупіком насамрэч даволі гарачае супрацьстаянне. Мы супернічаем на розных кірунках. Я б сказаў, што гэта двубой, які пераходзіць у рэжым больш зацяты, але больш упарты.
Цалкам размову можна слухаць у далучаным аўдыёфайле:
Ва ўрачыстым адкрыцці кальцавой развязкі Вольнай Беларусі ўзялі ўдзел сябры польскай парламенцкай групы Polska 2050, прадстаўнікі Цэнтру Беларускай Салідарнасці і ініцыятывы Вольная Беларусь. Кальцавая развязка знаходзіцца на скрыжаванні вуліц Południowa Obwodnica Warszawy (al. Legionów Piłsudskiego) i ul. Puławskiej.
Беларускае Радыё Рацыя
