Валянцін Стэфановіч: Гэта маленькая перабудова без змены асноўных палажэнняў



Паведамі і пратэстуй. Для правядзення масавых мерапрыемстваў у Беларусі можа быць уведзены паведамляльны прынцып. Такая норма ўтрымліваецца ў праекце “Аб зменах і дапаўненнях у некаторыя законы аб правядзенні масавых мерапремстваў”, які апублікаваны на прававым сайце pravo.by.

Нягледзячы на сваю знешнюю дэмакратычнасць, гэтая норма ніяк не змяняе самой сутнасці дзеючага заканадаўства, якое абмяжоўвае правы грамадзян на свабоду слова і збораў, кажа юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

– Гэта напэўна крыху лепш, чым было да гэтага. Усё ж такі гэта дасць магчымасць палітычным сілам і любым грамадзянам, якія хочуць пра нешта выказацца, правесці такія сходы. Але агулам мы лічым, гэта мала што змяняе. Чаму? Таму што асноўныя прэтэнзіі да гэтага закона ў нас застаюцца. Мы лічым, што ён шмат у чым не адпавядае міжнародным стандартам у галіне свабоды мірных сходаў і асацыяцыяў. Так што, скажам так, гэта маленькая перабудова без змены асноўных палажэнняў.

Паводле Валянціна Стэфановіча, у прапанаваным праекце застаюцца такія нормы, як аплата арганізатарамі паслуг па ахове парадку на масавых мерапрыествах, што само па сабе нонсэнс. Акрамя таго, мяркуецца ўвесці нормы, якія могуць ускладніць працу журналістаў незалежных СМІ пры  асвятленні масавых мерапрыемстваў.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя