Вашчыкоўскі: Калі Менск зацікаўлены, мы разам вырашым, як будаваць еўрапейскі шлях



Актывізацыя польскай палітыкі адносна Беларусі адбылася ў тым ліку з-за падзей ва Украіне. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв’ю выданню „Польскі дыпламатычны агляд”.

138970 „Мы зрабілі высновы з украінскай сітуацыі, — сказаў ён. — Украінцы выйшлі на вуліцу, каб пратэставаць супраць адмовы ад праеўрапейскага курсу прэзідэнта Віктара Януковіча. Але палітыка — гэта мастацтва выбару паміж рознымі варыянтамі. Адсутнасць выбару прыводзіць да страты незалежнасці. Мы выступаем за суверэнітэт Беларусі, як і за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны”.

Паводле слоў Вашчыкоўскага, ёсць сігналы таго, што „беларускі бок мае неабходнасць у пашырэнні прасторы для палітычнага манеўру, магчымасці выбару і ўмацавання суверэнітэту”.

„Мы даем такую магчымасць, — сказаў ён. — Мы дзейнічаем сумесна са спадарыняй Магерыні (кіраўнік Службы знешніх дзеянняў ЕЗ Федэрыка Магерыні. БелаПАН.). У нашых перамовах з Беларуссю мы дзейнічаем ад імя Еўропы. Калі беларускі бок будзе зацікаўлены ў развіцці такога дыялогу, мы разам будзем вырашаць, як пабудаваць гэты еўрапейскі шлях”.

„Мы не хочам дзейнічаць супраць кагосьці, але хочам працаваць на агульнае дабро”, — падкрэсліў кіраўнік польскага МЗС.

Фота ZN.ua