Васіль Жарко прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі
Васіль Жарко, былы міністр аховы здароўя, прызначаны намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў сёння Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.
Да Жарко гэтую пасаду займала Наталля Качанава, якая 21 снежня была прызначаная кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта.
Васіль Жарко нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Леснікі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1984 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. У 2008 годзе — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
У 1984—1991 гадах працаваў урачом-інтэрнам у Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы, лекарам-тэрапеўтам, раённым педыятрам, загадчыкам аддзялення Драгічынскай раённай бальніцы.
У 1991—2002 гадах — урач-інспектар, намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама.
У 2002—2003 гадах быў намеснікам галоўнага ўрача Брэсцкай абласной дзіцячай бальніцы, дырэктарам даччынага ўнітарнага прадпрыемства „Санаторый „Крыніца”.
У 2003—2005 гадах працаваў генеральным дырэктарам УП „Белпрафсаюзкурорт”.
У 2005—2006 гадах — выканаўца абавязкаў генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
З мая 2006 года па снежань 2016-га быў міністрам аховы здароўя Беларусі.
БелаПАН