У Мікалаеве «замініравалі» сем участкаў



У Мікалаеве паступілі паведамленні аб замініраванні 7 выбарчых участкаў, іх праца часова спыненая. Пра гэта паведаміла крыніца ў Міністэрстве ўнутраных спраў Украіны ў Мікалаеўскай вобласці, перадае Украінская праўда.

У іх памяшканнях ўжо працуюць супрацоўнікі кіналагічнай службы, якія аглядаюць выбарчыя вучасткі. Побач з імі на вуліцы прыпаркаваная выратавальная тэхніка, аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама нарад следча-аператыўнай групы міліцыі. На адным з гэтых участкаў – у доме Настаўніка міліцыя нічога не выявіла.

На 128 акрузе шукаюць выбуховую прыладу ў Школе №26 па вуліцы Чайкроўскага, у якой размешчаны 3 вучасткі для галасавання на выбарах у Вярхоўную Раду.

У Чарнігаўскай, Львоўскай, Хмяльніцкай, Сумскай, Жытомірскай абласцях Украіны галасаванне на нечарговых парламенцкіх выбарах пачалося своечасова.

У Чарнігаўскай вобласці ахову грамадскага парадку на выбарчых участках у кругласутачным рэжыме забяспечваюць каля паўтары тысячы міліцыянтаў, у тым ліку 60 байцоў спецыяльнага батальёна патрульнай службы міліцыі «Чарнігаў”.

У Харкаўскай вобласці адзін выбарчы ўчастак адкрыўся са спазненнем, астатнія пачалі працу своечасова.

А вось, якія настроі пануюць у дзень выбараў у Львове, распавядае наш карэспандэнт Мікола Ваўранюк.

– У Львове выбарчыя настроі ўзмацняюць блакітна-жоўтыя сцягі. Але, калі ходзіш па вуіцах, то “Выбарчай гарачкі” не відаць, як і не было яе ў іншых украінскіх асяродках і гарадах, якія я наведаў, калі праязджаў па Украіне. Але пэўнае адно – украінцы вельмі моцна мабілізаваныя – яны ідуць на выбары. Плакаты з заахвочваннем прыняць удзел у выбарах і прыняць адказнасць за сваю Радзіму – ёсць. Можам ужо сёння сказаць, што гэтыя выбары будуць праходзіць чэсна. Зарэгістраваныя міжнародныя назіральнікі, і цікава, што трэцяя частка іх з Канады, дзе вельмі моцная Украінская дыяспара. Я гаварыў зараз на рынку з дзвюма жанчынамі, яны сказалі, што выканалі свой грамадзянскі абавязак, перш, чым выйсці на працу.

Выбары ва Украіне праходзяць па змяшанай сістэме: палова 450-мясцовага парламента абіраецца па партыйных спісах, палова – па мажарытарнай сістэме. за дзень да выбараў, прэзідэнт Парашэнка ў звароце да народа падкрэсліў, што распусціў старую Вярхоўную Раду не толькі таму, што яна доўгі час была паслухмяным інструментам у руках дыктатара. І не толькі таму, што ў яе складзе дзесяткі народных дэпутатаў з’яўляюцца пятай калонай Расіі. і не толькі таму, што перавыбары Рады былі адным з ключавых патрабаванняў Рэвалюцыі годнасці. Але і таму, што на працягу некалькіх месяцаў пераканаўся ў яе надзвычай нізкім рэфарматарскім патэнцыяле.

Парашэнка паведаміў, што яго каманда ўжо падрыхтавала праект кааліцыйнага пагаднення.

– У яе аснове ляжыць” Стратэгія-2020 „. Гэта распрацаваны намі план змяненняў, рэалізацыя якога забяспечыць ўкараненне еўрапейскіх стандартаў жыцця і годнае месца краіны ў свеце. Да 2020 годзе Украіна павінна быць гатовая падаць заяўку на сяброўства ў Еўрапейскім Саюзе .  

25 кастрычніка пра перадвыбарчыя настроі ў Заходняй Украіне перадае са Львова старшыня управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа:

– У Львове не відаць выбарчай кампаніі. Аднак, трэба сказаць, калі мы размаўлялі з людзьмі, яны гавораць, самае галоўнае, каб усе пайшлі на выбары. Ці вераць людзі ва Украіне ў выбары? Думаю, што так. І высокая выбарчая яўка будзе доказам, што ўкраінцы адказна хочуць зменаў і вераць у сваю будучыню і вельмі адказна падыходзяць да выбараў.

 * * *

Наш карэспандэнт Мікола Ваўранюк знаходзіцца ў Заходняй Украіне, адкуль будзе назіраць за тым, як будзе весціся галасаванне.

Мікола Ваўранюк:

– У Заходняй Украіне, на Валыні не ачуваецца, што ва Украіне выбары. Мы праехалі ўжо Ковель, і цяпер у Луцку. І адзіныя бігборды – гэта бігборды, якія заахвочваюць прыняць удзел у выбарах. На іх пазначана – 26-га кастрычніка – Мой выбар, мая перамога. Два ці тры плакаты бачылі па дарозе, але знішчаныя, відаць, сарваныя палітычнымі канкурэнтамі. Над некаторымі дзяржаўнымі ўстановамі блакітна-жоўтыя сцягі. А так – ніякай “выбарчай гонкі” на вуліцах гэтых гарадоў не заўважаецца. Украінскае радыё толькі што паведаміла пра парушэнні Выбарчага заканааўства ў Харкаўскай вобласці, якія звязаныя з парушэннем перадвыбарчай цішыні – сёння субота, апошні дзень перад выбарамі. Ва Украіне цішыня, нельга весці ніякай агітацыі. Абсалютная цішыня перад выбарамі, хаця ўсе падкрэсліваюць, што гэтыя выбары вызначаць лёс Украіны.

 Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя