Вераніка Іванова: Будзе „перамалочана” яшчэ шмат людзей



“Пінская справа” набірае маштабы. У яе межах будзе як найменей паўсотні фігурантаў, а можа і болей, – так мяркуе старшыня Пінскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Вераніка Іванова.

Паводле яе слоў, пошукі новых абвінавачаных дагэтуль не спыняюцца:

–  Зразумела, што ў нас знаходзіцца не менш, як два чалавекі ў вышуку, але, я думаю, што размова вядзецца не толькі пра іх. Сама лічба –109 пацярпелых. І 26 чалавек, такія “тэрмінатары”, знішчылі 109 чалавек – ужо  выклікае сумнеў у іміджы міліцыі. Я мяркую, што для аднаўлення свайго іміджу і выратавання той версіі, што яны быццам бы ратавалі горад, будзе „перамалочана” яшчэ шмат людзей.

За ўдзел у стыхійным мітынгу ў Пінску, які скончыўся сутычкай з міліцыянтамі ў першы паслявыбарчы вечар, ужо чатырнаццаць пінчукоў пакараныя зняволеннем ад 5,5 да 6,5 гадоў. Яшчэ дзевяцярых жыхароў Пінска пачнуць судзіць 31 траўня ў Берасці. Праваабаронцам вядома і пра затрыманні пінчукоў, якія ўжо складуць трэцюю партыю фігурантаў “пінскай справы”.

Беларускае Радыё Рацыя